Пуцін — забойца: Прэзідэнт Літвы пагадзіўся з Джо Байдэнам
«На жаль, так», — адказаў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа на пытанне агенцтва BNS, ці мог бы ён следам за прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам назваць кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна забойцам, перадае Свабода.
Паводле літоўскага прэзідэнта, Расія не лічыцца з тэрытарыяльнай цэласнасцю суседніх краін, такіх як Украіна. «Я бачу мноства прыкмет, якія дэманструюць відавочнае наплявальніцтва, назавем гэта так, у адносінах да каштоўнасцяў цывілізаванага свету, ігнараванне права нацый на самавызначэнне, ігнараванне тэрытарыяльнай цэласнасці суседзяў, што Крэмль апошнім часам робіць досыць дэманстратыўна», — цытуе Наўседу партал Delfi.
Літоўскі прэзідэнт таксама згадаў сітуацыю ўнутры Расіі. Паводле яго, расійскі рэжым «відавочна ўздрыгвае» ад усё мацнейшай апазіцыі і спрабуе яе здушыць, «самым грубым чынам» пераследуе лідараў апазыцыі, такіх як Аляксей Навальны.
«І далей гаварыць, уцягнуўшы галаву ў плечы, што, ведаеце, мы шукаем, як уключыцца ў адносіны з Расіяй, што я часам чую ад сваіх калег у Еўрасаюзе, — гэта трэба і эмацыйна, і тэрытарыяльна быць вельмі далёкімі ад таго, што называецца Расіяй, каб гаварыць такое», — адзначыў Наўседа. Ён заявіў, што Літва дакладна не будзе той краінай, якая «будзе абыякава сядзець на задняй лаўцы» і заплюшчваць вочы, бачачы грубыя парушэнні правоў чалавека побач з сабой.