Аналітыкі: Масква прапанавала Лукашэнку перайсці Рубікон

Няўдзячны Крэмль наеўся штомесячнымі заходне-украінскімі змовамі і пакуль не ў належнай меры ацаніў абарону свайго ключавога ваеннага аб'екта ў Беларусі.

1_jvob2owsqrcphat4juxxeq.jpeg


У адказ на пасланне Лукашэнкі, Масква адправіла сустрэчнае, прапанаваўшы таму перайсці Рубікон, піша на сваёй старонцы ў Facebook палітолаг Андрэй Елісееў.

Ён цытуе прэс-сакратара Пуціна, які сказаў: «Чакаем мы прэзідэнта Беларусі ў Крыме? Вядома, чакаем».

«Вольны пераклад: абмеркаванне сур’ёзнай фінансавай падтрымкі на фоне заходніх санкцый пойдзе нашмат больш актыўна ў выпадку спалення мастоў з Захадам і Украінай у выглядзе адназначнага прызнання Крыма расійскім», — тлумачыць палітолаг.

Таго ж меркавання прытрымліваецца расійскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі. «Крэмль патрабуе ад Лукашэнкі афіцыйнага прызнання расійскай прыналежнасці Крыма. У такім выпадку кінуць “старэйшага брата” ў чарговы раз, на наступным вітку гісторыі, РБ-дыктатар ужо не зможа. Ён павінен цяпер паказаць, што ірве з Захадам назаўжды — і наўзамен можа разлічваць на паўнафарматную дапамогу РФ. Глядзім, сочым», — напісаў Бялкоўскі ў сваім VK.

Нагадаем, раней Лукашэнка заяўляў, што Крым расійскі «дэ-факта», аднак юрыдычна гэтую тэрыторыю расійскай не вызнаваў.

3 ліпеня прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заявіў, што расійскія ўлады чакаюць візіту ў Крым Лукашэнкі. 4 ліпеня кіраўнік расійскай адміністрацыі Крыму Сяргей Аксёнаў падтрымаў запрашэнне на паўвостраў Лукашэнкі, пра якое заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.