Блогер «Джон Сільвер» этапаваны ў Беларусь

Эдуарда Пальчыса яшчэ 26 мая этапавалі з Бранскага СІЗА ў следчы ізалятар на Валадарцы ў Мінску. Пра гэта ў сваім «Facebookʼу» напісаў Павел Севярынец.

zrzut_ekranu_2016_06_7_o_08.59.00.png


Інфармацыю пацвярджаюць ягоныя знаёмыя. Таксама сёння хлопцу павінны перадаць перадачу.
Ананімны аўтар блогу 1863x знаходзіўся ў адным з расійскіх следчых ізалятараў больш за чатыры месяцы. Эдуарда Пальчыса затрымалі 23 студзеня пры перасячэнні ўкраінска-расійскай мяжы. Пасля гэтага ідэнтычнасць блогера раскрыў адзін з расійскіх нацыяналістычных сайтаў, ён жа апублікаваў турэмныя здымкі хлопца.
Эдуарду Пальчысу 25 гадоў, ён родам з Ліды. Сам блогер называў сябе Jhon Silver.
1863x — калектыўны блог, прысвечаны спробе аналізу цякучых палітычных падзеяў у Беларусі, Расіі ды Украіне, а таксама беларускай гісторыі і культуры. Непадпісаныя матэрыялы востра крытыкуюць рэжым Лукашэнкі і Пуціна.
Паводле Сільвера, за вядзенне гэтай старонкі беларускія ўлады летась завялі на яго дзве крымінальныя справы — за распальванне нацыянальнай варажнечы за артыкул «Забі «Рускі свет» і нібыта распаўсюд парнаграфіі.
Ад пераследу блогер вырашыў хавацца ва Украіне, куды з’ехаў, парушыўшы падпіску аб нявыездзе, каб папрасіць палітычны прытулак. Увесь гэты час ён жыў з жонкай у Кіеве, адкуль працягваў весці блог. Пазней Эдуарда нехта выклікаў на сустрэчу ў Расію. Там стваральніка 1863x затрымалі і змясцілі ў СІЗА. Спачатку бранская паліцыя зняпраўджвала факт затрымання Пальчыса.


belsat.eu