Чарговая сустрэча кантактнай групы па Украіне пройдзе ў Мінску
Сёння ў Мінску пройдзе чарговае пасяджэнне кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне, паведамілі БелаПАН у прэс-службе МЗС Беларусі.
Перамовы пройдуць у сталічным "Прэзідэнт-гатэлі", аднак дакладны склад удзельнікаў, аднак дакладны склад удзельнікаў і час пачатку сустэчы пакуль невядомыя. Збор журналістаў назначаны на 15.00.
У чацвер на брыфінгу ў Днепрапятроўску экс-прэзідэнт Украіны, прадстаўнік гэтай краіны ў кантактнай групе Леанід Кучма паведаміў, што вылятае 19 верасня ў Мінск "разам з
групай АБСЕ", перадае УНІАН. Паводле яго слоў, "чакаюцца нялёгкія перамовы, намячаецца прыняць дакумент, што трэба рабіць для
выканання раней прынятага пратакола" (папярэдняга пратакола да пагаднення аб спыненні агню на Данбасе, падпісанага ў Мінску 5 верасня. — БелаПАН.).
На далейшых перамовах па ўрэгуляванні сітуацыі "мы не павінны адступацца ад тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны", сказаў Кучма. "Я ведаю ясную
пазіцыю прэзідэнта Украіны па гэтым пытанні — гэта "свяшчэнная карова". Мы не прызнаем федэралізацыі і рэспублік", — падкрэсліў ён.
Паводле слоў Кучмы, дакумент кантактнай групы з 12 пунктаў, падрыхтаваны раней, найперш прызначаны для ўкраінскай улады. Разам з тым справа ўлад, у тым ліку і расійскіх, як прымяняць гэтыя пункты.
"Мала хто звярнуў увагу, у тым ліку і ў Вярхоўнай радзе, што ў адным з пунктаў дакумента АБСЕ дакладна запісана — кантроль над украінска-расійскай мяжой. Калі не
будзе кантролю, а гэта задача АБСЕ, ні пра які мір нельга казаць. Калі мяжа адкрытая для руху расійскай тэхнікі і ваеннай сілы, то далейшыя перспектывы можна сабе толькі ўявіць",
— падкрэсліў Кучма.
Ён мяркуе, што кантактная група сваю задачу выканала, а ў якім выглядзе будуць прымаць законапраекты аб сітуацыі ў Данбасе, залежыць ад Вярхоўнай рады. На думку Кучмы, зараз важным з`яўляецца вывад
з Данбаса расійскай тэхнікі і ваенных, абмен ваеннапалоннымі і гэтак далей.
"У гэтай вайне з Расіяй мы не можам быць пераможцамі, таму што ўкраінская армія ваюе зброяй узору ХХ стагоддзя, а Расія — тэхнікай ХХI стагоддзя. Сведчанне гэтаму тое,
што тэрарысты на Данбасе ўзброены тэхнікай, якая з адлегласці ў тры кіламетры расстрэльвае ўкраінскіх байцоў і прашывае браню нашых танкаў", —
сказаў Кучма. Ён таксама дадаў, што праўда аб колькасці загінулых у зоне АТА невядомая.
Першы віцэ-прэм`ер самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Андрэй Пургін вылецеў у Мінск напярэдадні вечарам, паведаміла яго намеснік Алена Пургіна. "Сярод асноўных пытанняў
— абмеркаванне закона аб асаблівым статусе, а таксама шэраг момантаў па выкананні рашэнняў, зафіксаваных у пратаколе папярэдняй сустрэчы", — сказаў Пургін у чацвер
вечарам расійскаму "Інтэрфаксу".
Кіраўнік прэс-цэнтра самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі Уладзімір Інагародскі заявіў БелаПАН, што прадстаўнікі ЛНР "абавязкова прыедуць на сустрэчу", але пакуль
невядома, хто канкрэтна.
Нагадаем, папярэдні раўнд перамоў кантактнай групы ў фармаце Украіна — АБСЕ — Расія — сепаратысты Данбаса прайшоў у Мінску 5 верасня. На ім быў прыняты пратакол,
галоўным пунктам якога значылася спыненне агню. Як заяўляюць бакі канфлікту, перамір`е ў асноўным выконваецца, ідзе паступовы абмен палоннымі.
БелаПАН