Бяляцкі: супрацьстаяць агрэсіўнай палітыцы Расіі можна толькі развіццём сваёй культуры і мовы

«Супрацьстаяць агрэсіўнай інфармацыйнай палітыцы Расіі можна толькі развіццём сваёй уласнай нацыянальнай культуры і мовы ў самых розных сферах грамадскага жыцця», — заявіў кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі на круглым стале «Грамадзянская супольнасць на абароне цывілізацыйна-культурнай ідэнтычнасці Беларусі», арганізаваным 18 верасня ў Мінске Асамблеяй дэмакратычных няўрадавых арганізацый.



beliatski0605.jpg

«Беларуская мова і культура з’яўляюцца знакам арыентацыі на еўрапейскія культурныя каштоўнасці. Гэта трэба прапагандаваць», — падкрэсліў ён.

Бяляцкі адзначыў, што цяпер падчас замежных візітаў стала лягчэй адстойваць свае пазіцыі ў дачыненні да нацыянальнай беларускай культуры і мовы.

«Прадстаўнікі невялікіх ўсходнееўрапейскіх і цэнтральнаеўрапейскіх народаў зразумелі, якую пагрозу ўяўляе паўзучая экспансія Расіі ў дачыненні да захавання рускай культурнай прасторы. Фактычна яны разумеюць, што ўсё гэта мае вялікі палітычны кантэкст», — сказаў праваабаронца.

Па словах Бяляцкага, еўрапейцы пытаюцца, што мы можам супрацьпаставіць гэтаму. «Адказ просты: сваю нацыянальную культуру, нацыянальную ідэнтычнасць, нацыянальную мову, якія нечакана набылі вялікі палітычны кантэкст. Яны разумеюць, што развіццё і ўзмацненне беларускасці ў Беларусі — гэта ўжо як бы і палітычны выбар. Скарына кніжку друкаваў у Празе, павёз яе ў Маскву, дзе яе спалілі. Вось прыклад беларускай мовы і беларускай ідэнтычнасці», — адзначыў ён.

БелаПАН