Данія аднавіла выдачу віз беларусам пасля сустрэчы Ціханоўскай з кіраўніком МЗС

Атрыманне візы магчымае не ў Беларусі.

tikhanovskaya10063.jpg

У пятніцу, 10 чэрвеня, Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Капенгаген сустрэлася і правяла перамовы з міністрам замежных спраў Даніі Епе Кафадам. Адным з вынікаў сустрэчы стала аднаўленне выдачы віз беларусам. Праўда, пакуль не ў Мінску.
Ціханоўская, як паведамляе яе прэс-служба, распавяла кіраўніку МЗС Даніі аб пераследзе прафсаюзных актывістаў у Беларусі, абмеркавала з ім сёмы пакет санкцый ЕС і прапанавала ўключыць у яго дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія галасавалі за рэпрэсіўныя законы, у прыватнасці аб смяротным пакаранні за «замах на акт тэрарызму». Таксама абмяркоўвалася ідэя паслаблення санкцыяў супраць Лукашэнкі ў абмен на транзіт збожжа з Украіны. Кафод запэўніў Ціханаўскую, што Данія гэтую ідэю не падзяляе.
Па словах кіраўніка МЗС, Данія будзе працягваць падтрымку беларускіх культурных ініцыятываў праз свой Новы фонд дэмакратыі. Таксама Данія прадоўжыць і фінансаванне Міжнароднай платформы па прыцягненню вінаватых да адказнасці, якая сабрала ўжо 13 тысяч дакументаў, якія даказваюць злачынствы рэжыму Лукашэнкі, і плануе да канца года давесці іх колькасць да 20 тыс. Гэтыя дакументы ў будучыні могуць быць выкарыстаны судом, у тым ліку міжнародным.
Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу міністра на тое, што нядаўна Данія прыпыніла выдачу віз беларусам і заклікала яе аднавіць. У адказ Епе Кафод запэўніў, што візы выдавацца будуць. Цяпер МЗС Даніі спрабуе знайсці магчымасць арганізаваць працэс у Мінску, аднак ужо зараз беларусы могуць звяртацца па візы ў дыпламатычныя ўстановы Даніі ў іншых краінах.
Пазней гэта было пацверджана на афіцыйных старонках МЗС Даніі ў сацсетках.
«Сёння Йепэ Кафод зноў выказаў Святлане Ціханоўскай непахісную падтрымку беларусаў», — гаворыцца ў паведамленні МЗС, а датычна візаў тлумачыцца: «Часовае закрыццё візавай службы ў Расіі звязанае з недахопам супрацоўнікаў амбасады Даніі ў Маскве. Беларусаў накіроўваюць у цэнтры падачы заявак у іншых краінах».