Дэмакратычныя сілы Берасця рыхтуюць масавую акцыю на Дзень Волі

Шэсце і мітынг у цэнтральнай частцы Берасця плануюць 25 сакавіка абласныя структуры партый БНФ, БСДП, АГП, Руху «За Свабоду», незалежных прафсаюзаў, шэрагу грамадскіх арганізацый і устаноў. Для падрыхтоўкі і правядзення акцыі створаны арганізацыйны камітэт.

dzen_voli_1.jpg

Заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства падаў у Брэсцкі гарвыканкам кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі, паведамляе прэс-служба аргкамітэта.

На мітынгу плануецца абмеркаваць цэлы шэраг набалелых для беларускага грамадства праблем як лакальнага, берасцейскага, дык і агульнарэспубліканскага маштабу.

— Мы будзем патрабаваць неадкладнага вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці ўсіх удзельнікаў мірных пратэстаў і поўнай адмены Дэкрэта №3. Акрамя гэтага, ёсць праблемы з абаронай інтарэсаў жыхароў горада падчас прыняцця рашэнняў на ўзроўні гарвыканкама, нярэдка меркаванні жыхароў ігнаруюцца. Таксама мы лічым, што грамадства пазбаўлена сёння магчымасці змяніць уладу праз выбары, бо выбары ў нас праходзяць непразрыста, альтэрнатыўныя кандыдаты не маюць сваіх прадстаўнікоў у выбарчых камісіях. Вырашэння гэтых праблем мы будзем патрабаваць ад улады, — паведаміў старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі.

Як адзначыў адзін з сябраў аркамітэта, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігар Маслоўскі, выклікае заклапочанасць пагаршэнне стасункаў з Еўразвязам, якое справакавана сілавымі дзеяннямі ўладаў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў:

— Гэта можа прывесці да эканамічнай ізаляцыі краіны, пагаршэння ўзроўню жыцця грамадзян, і фактычна паставіць пад пагрозу незалежнасць краіны. Мы маем намер прыняць рэзалюцыю і выказаць свае палітычныя і эканамічныя патрабаванні да органаў улады, — адзначыў Ігар Маслоўскі.

Да ўдзелу ў мітынгу запрошаны прадстаўнікі Брэсцкага гарвыканкама, каб выказаць пазіцыю гарадскіх уладаў наконт набалелых праблем як на ўзроўні горада, так і на ўзроўні краіны.

У 99-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі арганізатары берасцейскай акцыі лічаць дарэчным і неабходным правядзенне масавага мерапрыемства, якое б выразна засведчыла адданасць жыхароў горада найвышэйшым каштоўнасцям беларускай дзяржавы – свабодзе і незалежнасці, а таксама імкненне да мірнага вырашэння эканамічных і палітычных праблем шляхам іх адкрытага абмеркавання і сумеснага прыняцця рашэнняў.

— Зараз арганізацыйны камітэт рыхтуе праграму мерапрыемства. Мы заклікаем усіх, хто жадае выступіць на мітынгу або далучыцца да яго арганізацыі і правядзення, звяртацца ў офісы нашых партый або пісаць арганізатарам у сацыяльных сетках, — дадаў Дзмітрый Шыманскі.

Паводле прэс-рэлізу