Дэпутат: народу неабавязкова ведаць аб даходах чыноўнікаў

Дэпутат Людміла Макарына-Кібак, якая балатуецца на новы тэрмін, не лічыць абавязковай публікацыю дэкларацый чыноўнікаў аб даходах.

Людміла Макарына-Кібак

Людміла Макарына-Кібак

«Я лічу, што гэта правільна, што мы запаўняем дэкларацыі. Мы іх здаем, нас правяраюць, таму неабавязкова іх публікаваць. Тады трэба публікаваць дэкларацыі ўсіх», — заявіла Макарына-Кібак на тэледэбатах з іншымі кандыдатамі ў дэпутаты ад мінскай Грушаўскай выбарчай акругі № 98. Запіс дэбатаў быў паказаны 1 лістапада на тэлеканале «Беларусь 3 ».
Пытанне аб публікацыі дэкларацый задала Алана Гебрэмарыам, якая балатуецца ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, актывістка нефармальнага «Моладзевага блока».
На пытанне, якое рушыла за адказам: «Гэта значыць народ не павінен ведаць, колькі зарабляюць і што маюць людзі, якія працуюць для іх?» — дэпутат і кандыдат у дэпутаты заявіла: «А вы лічыце, што ў нас вельмі высокая заработная плата, у чыноўнікаў, што вас так хвалюе пытанне? Я так не лічу».
На думку Гебрэмарыам, «гэта павінна быць адкрытым для грамадства, як ва ўсіх прагрэсіўных еўрапейскіх краінах».
«А яно адкрыта. Усе пра гэта ведаюць. Я так лічу, такая мая думка», — адказала Макарына-Кібак.
23 мая гэтага года генеральны пракурор Аляксандр Канюк паведаміў, што яго ведамства прапануе публікаваць дэкларацыі аб даходах дзяржслужачых — міністраў, чыноўнікаў абласнога і раённага ўзроўняў (за выключэннем персанальных дадзеных).
У красавіку 2015 года Канюк заяўляў, што публікаваць дэкларацыі чыноўнікаў аб даходах і маёмасці няма неабходнасці. «Навошта гэта рабіць? Задавальняць абывацельскую цікавасць аб тым, у каго што ёсць? Мне таксама здаецца, што гэта не зусім этычна», — сказаў Канюк. Акрамя таго, паводле яго слоў, публікацыя дэкларацый можа стаць наводкай для злачынцаў.
У ліпені 2014 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «народ павінен ведаць, як жывуць чыноўнікі і іх сваякі, адкуль грошы і ўласнасць у гэтых людзей».
Выбары ў ПП НС пройдуць 17 лістапада.
naviny.by