Дэпутаты прынялі новы Падатковы кодэкс у першым чытанні
Палата прадстаўнікоў 18 снежня прыняла ў першым чытанні абноўлены Падатковы кодэкс, перадае euroradio.fm са спасылкай на Белта.
Прадстаўляў яго намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко. Па яго словах, гэты кодэкс спрашчае адміністраванне падаткаў, змяняе падыходы да налічэння пені (яе памер не можа перавышаць суму даналiчанага па выніках праверкі падатку). Таксама прапануецца экстэрытарыяльны прынцып абслугоўвання фізічных асоб — гэта значыць людзі змогуць звяртацца ў любы падатковы орган, а не толькі па месцы жыхарства. Да таго ж, у новым Падатковым кодэксе прапануецца адмяніць стаўку падатку на нерухомасць на аб'екты звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва (складае 2%).
Новы кодэкс таксама пазбаўляе мясцовыя саветы права павялічваць да 10 разоў стаўкі падатку на нерухомасць на невыкарыстоўваныя і неэфектыўна выкарыстоўваныя аб'екты, а таксама зямельнага падатку на занятыя імі ўчасткі.