Дружба Мінску і Пекіна: палітычны піяр і нявыгадныя крэдыты
Візіт старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь мае значэнне пераважна з пункту гледжання эканомікі, але выгада ад беларуска-кітайскага супрацоўніцтва пакуль застаецца адкрытым.
Такія меркаванні ў размове з Радыё Свабода выказалі незалежныя эксперты.
Палітычны змест візіту кітайскага кіраўніка ў Беларусь выглядае даволі сціпла. Як паведамляецца, Сі Цзіньпін і Аляксандар Лукашэнка падпісалі Дамову аб дружбе і супрацоўніцтве паміж двума
краінамі. У прыватнасці, Беларусь і КНР дамовіліся «падтрымліваць выбраныя кожнай з іх у адпаведнасці са сваімі ўнутранымі ўмовамі шляхі і мадэлі развіцця». Таксама была прынята
сумесная дэкларацыя аб далейшым развіцці і паглыбленні адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства.
Палітолаг-міжнароднік Андрэй Фёдараў лічыць, што візіт Сі Цзіньпіна нашмат важнейшы для Беларусі ў эканамічным плане, чым у палітычным.
«Для беларускага кіраўніцтва гэта важна як сведчанне таго, што такая вялікая, уплывовая дзяржава, як Кітай, з намі супрацоўнічае, дзяржаўны візыт ажыццяўляе і гэтак далей. А збольшага
я, шчыра кажучы, і не ведаю, што тут можа быць змястоўнага ў палітычным плане. Ну, падтрымае нас Кітай па тых ці іншых пытаннях у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (бо, здаецца, мы разам ні ў
якіх іншых арганізацыях пакуль што не знаходзімся). Ну, а калі б нават і не падтрымаў, нічога б істотна не змянілася — мы ж усё роўна ведаем, што сёння ААН не такая ўплывовая структура. Мне
здаецца, што гэта якраз у палітычным плане больш піяр, чым насамрэч важная падзея», — адзначыў Фёдараў у інтэрвію Радыё Свабода.
Па выніках перамоваў Сі Цзіньпіна і Аляксандра Лукашэнкі быў падпісаны шэраг беларуска-кітайскіх крэдытных пагадненняў. У прыватнасці, падпісана генеральнае крэдытнае пагадненне паміж ААТ
«Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» і Дзяржаўным банкам развіцця Кітаю аб наданні крэдыту ў памеры 700 мільёнаў долараў. Яшчэ на 300 мільёнаў долараў падпісана крэдытнае пагадненне
паміж Дзяржаўным банкам развіцця Кітаю і ААТ «АСБ Беларусбанк».
Але наколькі выгадныя для Беларусі крэдытныя пагадненні з Кітаем?
Эканаміст Леанід Злотнікаў у размове з Радыё Свабода нагадаў, што яшчэ некалькі гадоў назад паведамлялася пра адкрыццё Кітаем крэдытнай лініі для Беларусі на 16 млрд долараў.
«Беларусы маглі выкарыстоўваць кітайскія крэдыты для таго, каб рэалізоўваць нейкія праекты. Але гэта былі звязаныя крэдыты, гэта былі крэдыты пад закуп кітайскага абсталявання, пад
кітайскае праектаванне і г. д. То бок значная частка гэтых крэдытаў працавала на Кітай», — тлумачыць ён.
Злотнікаў адзначае, што сутнасць новых крэдытных пагадненняў, якія былі падпісаныя ўчора, пакуль невядомая — незразумела, ці гэта свабодныя крэдыты, ці яны звязаныя. Але ў любым выпадку
выгаднасць новых кітайскіх крэдытаў залежыць выключна ад таго, як будзе гэтыя крэдыты выкарыстоўваць беларуская ўлада.
«Тое, што было раней, — аказалася, што не па кітайскай віне, а па нашай віне, — гэта было нам нявыгадна. Мы за кошт кітайскіх крэдытаў пабудавалі новыя лініі на
цэментных заводах, але мы атрымалі страты, а крэдыт трэба вяртаць. А гэты крэдыт, зноў падкрэсліваю, звязаны — то бок ён больш кітайцам выгадны, чым нам. Ён быў бы і нам выгадны, калі б ён
быў выкарыстаны эфектыўна. Калі новыя крэдыты таксама будуць неэфэктыўна выкарыстоўвацца, то і яны будуць нявыгадныя Беларусі. Але калі гэта будзе выкарыстана для таго, каб павялічыць ВУП, стварыць
новыя магутнасці, вырабляць прадукцыю, якая будзе карыстацца попытам, то гэта будзе выгадна. То бок, выгадныя ці нявыгадныя нам гэтыя кітайскія крэдыты, залежыць менавіта ад нас. Дагэтуль было
нявыгадна. Я думаю, што так будзе і далей, бо наша сістэма не змянілася, і як бы гэтыя грошы проста не былі праедзеныя», — кажа Злотнікаў.
Трэба адзначыць, што сёння ў Мінску на беларуска-кітайскім міжрэгіянальным бізнэс-форуме міністар эканомікі Уладзімір Зіноўскі заявіў, што агулам Кітай гатовы даць Беларусі крэдыты на 7 млрд
долараў. Паводле слоў міністра, 3 млрд долараў складзе льготнае крэдытаванне, а 4 млрд — камэрцыйныя крэдыты беларускім банкам на фінансаванне бізнэс-праектаў.
svaboda.org