Федыніч і Комлік год на хатняй хіміі


Год таму – 24 жніўня 2018 – суд Савецкага раёна вынес прысуд па крымінальнай справе старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка.

fedunich_komlik_33.jpg


Абодвух прызналі вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса) і пакаралі абмежаваннем волі тэрмінам на 4 гады без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, без канфіскацыі маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады на 5 год. Акрамя таго суд пастанавіў спагнаць з абвінавачаных 47 560 рублёў, а таксама судовыя выдаткі ў памеры 1400 рублёў.
Пасля абвяшчэння прысуду беларуская праваабрончая супольнасць выступіла з заявай, у якой заклікала ўлады перагледзець прысуд і спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка, а таксама спыніць ціск на незалежны прафсаюзны рух і адмовіцца ад неправамернага ўмяшання ў яго дзейнасць. Міжнародная супольнасць стала на абарону лідэраў прафсаюза РЭП. Так Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў палічыла, што дзеянні ўладаў парушаюць міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў галіне правоў чалавека і сваю ўласную Канстытуцыю, і таму абвінаваўчы прысуд павінен быць адменены ў выніку апеляцыі.
На думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders пераслед прафсаюзных лідараў звязаны выключна з іх мірнай і законнай працай ў галіне абароны правоў чалавека. Таму ўлады Беларусі павінны неадкладна адмяніць прысуды супраць кіраўнікоў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка і цалкам аднавіць іх свабоду.
З патрабаваннем адмяніць пакаранне лідарам незалежнага прафсаюзу РЭП звярнуліся да прэзідэнта Беларусі Глабальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў(МКП).
Аднак Мінскі гарадскі суд 9 лістапада пакінуў прысуд Генадзю Фядынічу і Ігара Комліку без зменаў, а апеляцыйную скаргу без задавальнення. Цяпер праваабаронцы «Вясны» падрыхтавалі дакументальны фільм “Адзін дзень “хіміка” Фядыніча”, які будзе прэзентаваны на наступным тыдні.
Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра. Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22867,1 рубля.
Паводле spring96.org