Ганна Канапацкая: Буду ў парламенце партыйным дэпутатам
Актывістка Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Ганна Канапацкая, якая атрымала дэпутацкі мандат на парламенцкіх выбарах, што прайшлі 11 верасня, мае намер заставацца ў Палаце прадстаўнікоў шостага склікання партыйным кандыдатам.
Пра гэта яна заявіла 13 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
"Я ішла на выбары з партыйнай камандай. Гэта моцная каманда, якая пазіцыянуе сябе як апазіцыйная. Яна прапаноўвае праграму структурных рэформаў, якую я буду адстойваць у парламенце. Я рада, што за мной застаецца каманда прафесіяналаў", — сказала яна.
Канапацкая таксама заявіла, што ў Беларусі няма адкрытых і сумленных выбараў. Пры гэтым яна лічыць: калі б яны былі, каманда АГП "усё роўна была б на іх пераможцам". "Мы зрабілі б усё магчымае, каб працаваць у парламенце", — падкрэсліла дэпутат.
У Палаце прадстаўнікоў Ганна Канапацкая мае намер прыкладаць намаганні для таго, каб праз чатыры гады ў Беларусі прайшлі справядлівыя выбары, па выніках якіх у парламент прайшло б як мага больш апазіцыянераў.
У сферы эканомікі Канапацкая збіраецца спрыяць заканадаўчай рэалізацыі палажэнняў праграмы АГП "Мільён новых працоўных месцаў", прымаць законапраекты, каб "зрабіць рынак адкрытым і сумленным".
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што адна Ганна Канапацкая зможа зрабіць у парламенце больш, чым усе дэпутаты дзейнага склікання, якія самастойна распрацавалі толькі тры законапраекты.
39-гадовая Ганна Канапацкая — адна з двух прадстаўнікоў апазіцыі, якія прайшлі ў склад новага парламента ў ходзе выбараў 11 верасня. Яна балатавалася па Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 97 Мінска і перамагла, набраўшы 23,7% галасоў выбаршчыкаў.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН