Інтэрпол адмовіўся шукаць Ціханоўскую па сваіх каналах
Інтэрпол лічыць, што выкарыстоўваць яго каналы для міжнароднага вышуку Святланы Ціханоўскай немагчыма. Пра гэта заявіў кіраўнік Нацыянальнага бюро Інтэрпола ў Беларусі Дзмітрый Мядзведзеў.
«Пасля вывучэння прадстаўленых нам матэрыялаў было прынята рашэнне спецыяльнай рабочай групай — структурным падраздзяленнем Генеральнага сакратарыята аб немагчымасці выкарыстання каналаў Інтэрпола для вышуку гэтай грамадзянкі» — цытуе Мядзведзева REFORM.by.
Пра тое, што Святлана Ціханоўская абвешчаная ў міждзяржаўны вышук, стала вядома ў кастрычніку мінулага года. Паведамлялася, што яе расшукваюць па справе аб закліках да звяржэння канстытуцыйнага ладу Беларусі (частка 3 артыкула 361 КК). У красавіку 2021 года Ціханоўскую ўключылі ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарызму і прызналі абвінавачанай па справе аб акце тэрарызму (ч.4 арт. 16 і ч.3 арт. 289 КК). КДБ паведамляў, што ўсе фігуранты справы абвешчаныя ў міжнародны вышук. Беларусь накіравала Літве запыт аб экстрадыцыі Ціханоўскай, але літоўскі бок адмовіўся яе выдаваць.