Кандыдату ў дэпутаты Аляксею Янукевічу забаранілі мітынгі ў Мінску

Мінскі гарвыканкам забараніў старшыні Партыі БНФ Аляксею Янукевічу праводзіць агітацыйныя мерапрыемствы па-за межамі Аўтазаводскай выбарчай акругі №92, дзе ён зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў дэпутаты.

janukevich003.jpg

Аляксей Янукевіч. Здымак «Белгазеты»
Першы мітынг палітык запланаваў правесці 25 жніўня на пляцоўцы перад Палацам спорту, другі — 8 верасня каля опернага тэатру. Даверанымі асобамі кандыдата былі пададзеныя адпаведныя ўведамленні ў Мінгарвыканкам. Аднак адтуль адказалі лістом за подпісам намесніка старшыні выканкама Ігара Карпені (старшыня праўладнай кампартыі).
У адказе чыноўнікі заяўляюць, што ўведамляльным парадкам правядзення сходаў кандыдат можа скарыстацца толькі ў межах сваёй выбарчай акругі. У іншых частках сталіцы для правядзення мітынгаў кандыдату трэба браць дазвол у адпаведнасці з законам «Аб масавых мерапрыемствах», звярнуўшыся па яго за 15 дзён да дня правядзення. Пры гэтым Мінгарвыканкам спасылаецца на артыкул 491 Выбарчага кодэкса, а таксама на агульны прынцып правядзення выбараў у Беларусі па аднамандатных выбарчых акругах.
Адказ Мінгарвыканкама пракаментаваў юрыст Юрый Чавусаў:
— Выбарчы кодэкс ўстанаўлівае права кандыдатаў і іх давераных асобаў праводзіць мітынгі, пікеты і сходы па заяўляльным прынцыпе, проста паведаміўшы пра месца правядзення мерапрыемства за два дні да даты правядзення. Гэткі парадак значана ліберальней за агульны дазваляльны парадак, які дзейнічае для сходаў неагітацыйнага характару на падставе закона «Аб масавых мерапрыемствах»,. Аднак, згаданы чыноўнікамі артыкул 491 Выбарчага кодэкса не ўтрымлівае аніякай узгадкі пра тое, што такія сходы могуць праводзіцца кандыдатамі толькі на тэрыторыі асобнай выбарчай акругі. Мінгарвыканкам ў гэтым адказе адвольным чынам дае тлумачэнне заканадаўства, якое звужае магчымасці кандыдатаў і безпадстаўна пагаршае умовы для іх агітацыйнай дзейнасці. Гэткая адвольная законатлумачальная дзейнасьць органа выканаўчай улады выходзіць за межы яго кампетэнцыі. І, на мой погляд, гэта значна абмяжоўвае магчымасці кандыдатаў у правядзенні агітацыі.
Юрыст таксама адзначыў, што ў гэтым годзе ўлады вырашылі фармальна дапусціць апазіцыйных кандыдатаў да агітацыі, але пры гэтым увялі шэраг новых, не заснаваных на законе абмежаванняў, якія супярэчаць ранейшай практыцы правядзення агітацыйных кампаній.
— Раней праграмы кандыдатаў выкладаліся таксама на сайтах дзяржаўных газет — цяпер гэтага няма. На мінулых выбарах тэлевыступы кандыдатаў і тэледэбаты былі даступныя анлайн — цяпер дзяржаўнае тэлебачанне не толькі не размяшчае гэтыя матэрыялы ў сеціве, але ўсяляк імкнуцца нігіляваць медыйную ці публічную прысутнасць апазіцыйных палітыкаў. Гэта зводзіць удзел дэмакратычных кандыдатаў у выбарах да фармальнага, — гаворыць Юрый Чавусаў.
Што датычаць мерапрыемстваў 25 жніўня і 8 верасня, якія былі запланаваныя Аляксеям Янукевічам, то яны ўсё роўна адбудуцца: пасля адказу чыноўнікаў на правядзенне гэтых мітынгаў былі пададзеныя ўведамленні ад давераных асобаў іншага кандыдата Партыі БНФ уладзіміра Падгола, якія балатуецца па Старавіленскай выбарчай акрузе №105, тэрыторыя якой уключае ў сябе гэтыя пляцоўкі.
20 жніўня на факт незаконнага абмежавання права на правядзенне перадвыбарчай агітацыі даверанымі асобамі Аляксея Янукевіча была пададзена скарга ў Мінскую гарадскую выбарчую камісію. Заканадаўства дае тэрытарыяльнай камісіі тры дні на разгляд скаргі.
Паводле прэс-службы кампаніі назірання «Права выбару-2016»