Кіраўнік Мінабароны Польшы: «Гібрыдная вайна супраць польскай дзяржавы дасягнула найвышэйшага ўзроўню»
«Апошнія некалькі месяцаў паказалі, наколькі тут можа быць небясьпечна».
З пункту гледжання абароны ўсходняй мяжы мінулыя месяцы былі для Польшчы «самымі складанымі», у маі наступленне мігрантаў «працягвалася без перапынку», заявіў віцэ-прэм'ер, кіраўнік Міністэрства абароны гэтай краіны Уладзіслаў Касіняк-Камыш, 31 ліпеня, пачынаючы аперацыю «Бяспечнае Падляшша». Пра гэта піша «Позірк».
«Апошнія некалькі месяцаў паказалі, наколькі тут можа быць небясьпечна. <…> Буферная зона і лепшае абсталяванне салдатаў прыносяць вынікі ў выглядзе стрымлівання і абароны», — адзначыў міністр.
«Гібрыдная вайна супраць польскай дзяржавы дасягнула найвышэйшага ўзроўню», атакі на Польшчу «адбываюцца ва ўсіх сферах і прасторах», дадаў Касіняк-Камыш.
Асноўнай задачай ваеннаслужачых Войска Польскага, якія ўдзельнічаюць у ёй, названае садзейнічанне падтрыманню недатыкальнасці дзяржаўнай мяжы. Гэтыя дзеянні «з'яўляюцца адказам на выклікі ўнутранай бяспекі, звязаныя з нелегальнай міграцыяй, якія зыходзяць ад беларускага рэжыму».
Ваеннаслужачыя акажуць падтрымку Памежнай службе і паліцыі ў прадухіленні незаконнага перасячэння граніцы з боку мігрантаў, паведамляецца на старонцы польскага абароннага ведамства ў сацсетцы Х.
З пачатку 2024 года суседнія краіны ЕС папярэдзілі 25.292 спробы незаконнага пераходу мяжы з беларускай тэрыторыі (Польшча — 21.412, Латвія — 3.514, Літва — 366), што на 6,6% больш, чым за аналагічны леташні перыяд (23.734 — 1,7. 1.446), сведчыць праведзены «Позіркам» аналіз аператыўных дадзеных іх памежных службаў.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семаняк заявіў у чэрвені, што колькасць спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з Беларуссю пасля пачатку дзеяння буфернай зоны скарацілася больш чым на 70%.
Буферная зона на польска-беларускай мяжы дзейнічае з 13 чэрвеня, пакуль тэрмін вызначаны ў 90 дзён. Раней МУС Польшчы паведамляла, што дзякуючы ёй колькасць спробаў парушэння мяжы скарацілася «прыкладна на траціну».