Лех Качыньскі меў жонку з Беларусі. Што ён казаў пра нашу краіну?
18 чэрвеня — чарговая гадавіна з дня народзінаў загінулага прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага, сябра Беларусі, які ўвесь час падтрымліваў дэмакратыю ў нашай дзяржаве. Сабралі яго выказванні і звесткі пра сувязь з Анджэем Пачобутам, Аляксандрам Мілінкевічам, Ігарам Банцарам і іншымі.
Лех Качыньскі, які
разьбіўся на ўрадавым самалёце пад Смаленскам у 2010 годзе, быў пасьлядоўным
прыхільнікам беларускіх дэмакратычных сілаў. Непасрэдна перад катастрофай борт
польскага прэзідэнта ляцеў па-над тэрыторыяй Беларусі. А потым, бліжэй да
аэрапорту ў Смаленску, крылатая машына разам з усімі прысутнымі на борце
знайшла свой канец.
Разам з братам-блізьнюком Яраславам Качыньскім яны стварылі партыю “Права і Справядлівасьць” у далёкім ужо 2001 годзе. Да нашых часоў — гэта найбольш уплывовая палітычная сіла ў Польшчы, якая дала краіне шэраг прэм’ер-міністраў, і дваіх прэзідэнтаў. Акрамя Леха Качыньскага, сёньняшні кіраўнік дзяржавы Анджэй Дуда зьяўляецца прадстаўніком “ПіС”.
Мілінкевіч
Пасаду прэзідэнта Лех Качыньскі трыюмфальна заняў на Раство, 25 сьнежня 2005 года, а ўжо ўсяго праз месяц ён сустрэўся з адзіным кандыдатам ад дэмакратычнай апазыцыі Беларусі на пасаду прэзідэнта Аляксандрам Мілінкевічам.
25 студзеня 2006 года Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Лех Качыньскі прыняў кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на асабістай сустрэчы. Як паведамлялася, Аляксандар Мілінкевіч прадставіў цяперашнюю палітычную і эканамічную сітуацыю ў Беларусі. Падчас сустрэчы Лех Качыньскі падкрэсьліў сваю павагу і сімпатыю да беларускага народа.
Лех Качыньскі запэўніў у падтрымцы ўсіх дэмакратычных сіл Беларусі.
Белавежская пушча
У 2006 годзе Канцылярыя прэзідэнта Качыньскага атрымала каля 10 тысяч лістоў з Польшчы і з-за мяжы ў абарону Белавежскай пушчы. Лех Качыньскі вырашыў далучыцца да вырашэньня праблемаў Белавежскай пушчы. З клопату пра гэты ўнікальны лес у 2006 годзе ён стварыў групу па распрацоўцы законапраектаў, якія рэгулююць статус прыроднай і культурнай спадчыны Белавежскай пушчы.
У ліпені 2006 года Лех Качыньскі сказаў: «Я ўсьведамляю, што наша прырода зьяўляецца адным з нашых найвялікшых багацьцяў. І пярліна ў кароне тут — Белавежская пушча. Справа Белавежы павінна быць вырашана такім спосабам, каб, з аднаго боку, не прыціскаць інтарэсы жыхароў гэтай часткі нашай краіны, а з другога боку, каб гэты вялікі здабытак, якім для нас зьяўляецца Пушча, цалкам захаваўся».
Дзьве краіны, а пушча — адна.
Таемны абмен агентамі
Вышэйшыя чыноўнікі Літвы, Беларусі і Польшчы таемна дамовіліся аб абмене затрыманымі супрацоўнікамі спэцслужбаў. Аб гэтым у сваёй кнізе "Апошні тэрмін паўнамоцтваў. Дзёньнікі прэзыдэнта" напісаў былы кіраўнік Літвы Валдас Адамкус.
Адамкус піша, што ў чэрвені 2008 году тагачасны гендырэктар Дэпартамэнту дзяржбясьпекі Повілас Малакаўскас распавёў аб таемных перамовах з кіраўніком службы бясьпекі Беларусі аб затрыманым ў Літве генэрале КДБ і затрыманым ў Менску службоўцы Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы.
Літва затрыманага беларуса перадала Польшчы, але тагачасныя прэзыдэнты Адамкус і Лех Качыньскі дамовіліся, што беларуса вернуць у Літву, а яна абмяняе яго на свайго супрацоўніка ДДБ.
"Сустрэўся з гендырэктарам ДДБ Павіласам Малакаўскасам, які толькі што вярнуўся зь Менску. Ён там неафіцыйна вёў перамовы з кіраўніком спэцслужбаў Беларусі. Такія перамовы спатрэбіліся, каб мы маглі абменьвацца затрыманымі асобамі", — сказана ў кнізе.
"Нядаўна Літва на сваёй тэрыторыі затрымала генэрала КДБ Беларусі. Па просьбе палякаў мы перадалі яго Польшчы. У адплату беларусы затрымалі былога супрацоўніка нашага ДДБ і пасадзілі яго ў турму. З Менску мы атрымалі прапанову абмяняцца затрыманымі", — пісаў Адамкус.
"Мяне папрасілі пагутарыць аб гэтым з прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качыньскім. Я так і зрабіў. Палякі будуць судзіць беларуса Сяргея М., але ў турме трымаць ня будуць — перададуць нам, а мы памяняем яго на нашага", — так у кнізе апісваецца сустрэча 8 чэрвеня 2008 году.
Адамкус апісвае беларускага шпіёна як «генэрала КДБ», арыштаванага ў Літве і пасьля перададзенага ў Варшаву. Ён быў асуджаны на 5 з паловай гадоў пазбаўленьня волі за спробу атрымаць інфармацыю пра Міністэрства замежных справаў Польшчы. Да абмену гэты чалавек адсядзеў каля 2,5 гадоў у польскай вязьніцы.
Паводле кнігі Адамкуса, Малакаўскас і кіраўнік беларускіх спэцслужбаў неафіцыйна сустракаліся ў Менску ў траўні 2008 году.
"Сам-насам яны абмеркавалі магчымасьць абмену інфармацыяй, намецілі "чырвоную лінію": да якога часу магчыма супрацоўніцтва. Малакаўскас сказаў, што яго калега беларус — давераная асоба Лукашэнкі".
«У Беларусі ўжо было некалькі адлігаў, а потым яны адступілі»
У верасьні 2008 году Лех Качыньскі заявіў, што «яму хацелася б глыбока верыць, што адліга ў гэтай краіне рэальная». Як дадаў ён на прэс-канферэнцыі па выніках двухдзённага саміту прэзідэнтаў Вышаградскай групы, пра візіт у Беларусь кіраўніка МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага ён даведаўся за дзень да плянаванага ад'езду міністра, які ўваходзіў у лягер прыхільнікаў партыі “Грамадзянскай плятформа”, апазыцыйнай кіроўнай “Права і Справядлівасьці”.
На беларускім баку Белавежскай пушчы з кіраўніком польскай дыпляматыі сустрэўся міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў. Паводле яго слоў, размовы тычыліся пытаньняў ЭЗ, сітуацыі ў Саюзе палякаў у Беларусі і польска-беларускіх адносінаў.
Прэзідэнт Качыньскі адзначыў, што «выпадкова» даведаўся пра ад’езд Сікорскага. Як ён растлумачыў, гэтую інфармацыю ён атрымаў пасьля таго, як яго юрыдычны аддзел зьвярнуўся ў МЗС з нагоды саміту Вышаградскай групы.
Красамоўнай зьяўляецца вытрымка з узгаданага саміту 2008 году.
Прэзідэнты цэнтральнаэўрапейскіх краінаў абмеркавалі неабходнасьць дыверсіфікацыі крыніцаў энэргіі. Паводле польскага прэзыдэнта Леха Качыньскага, энэргетычная палітыка зьяўляецца адной з галоўных задачаў ЭЗ і асобных дзяржаваў. Аднак чэшскі прэзідэнт Кляўс заклікаў «не памыляцца» і не ставіць зьнешнюю палітыку ў залежнасьць ад таго, «куды вядзе той ці іншы газаправод».
«Сапраўды, энэргетычная палітыка не павінна вызначаць зьнешнюю палітыку, а сёньня гэта ў значнай ступені робіцца», — адзначыў Лех Качыньскі.
"Тое, што я кажу, не азначае, што мы не хочам імпартаваць газ або нафту з Расеі. (...) Але мы павінны памятаць, што ў палітыцы нашага партнэра не павінна быць элемента энэргетычнага шантажу", — падкрэсліў Лех Качыньскі.
Ён грукаў, як падаецца, у глухія дзьверы.
Саньнікаў
Напярэдадні выбараў прэзідэнта 2010 году ў Беларусі мелася адбыцца сустрэча прэзідэнта Качыньскага з адным з прэтэндэнтам на запаветную пасаду Андрэем Саньнікавым. Вось як гэта ўзгадвае беларускі палітычны дзеяч:
“На жаль, асабіста я зь ім не сустракаўся. Але быў плян. Маім добрым сябрам быў Марыюш Гандзлік, намесьнік дзяржаўнага сакратара Канцылярыі прэзідэнта. Мы бачыліся на розных сустрэчах, прысьвечаных міжнародным справам, і, вядома, размаўлялі пра Беларусь. Ён прыдумаў арганізаваць мне сустрэчу ў офісе, бо ведаў, што я буду кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Беларусі ад апазыцыі ў сьнежні 2010 года.
Мы сустракаліся разам з Станіславам Шушкевічам, з кіраўніком канцылярыі прэзідэнта Ўладзіславам Стасяком за некалькі тыдняў да смаленскай трагедыі, можа, у сакавіку. Мы размаўлялі пра магчымасьць сустрэчы з Лехам Качыньскім у чэрвені.
Гутарылі пра беларуска-польскія стасункі. Гэта была нескладаная размова. Погляды Леха Качыньскага і чыноўнікаў ягонага офісу былі падобныя да нашых, да дэмакратычнай апазыцыі — яны ведалі, хто такі Лукашэнка і як зь ім абыходзіцца. Гэта была добрая, канструктыўная размова пра адносіны паміж дзьвюма краінамі, а не пра стаўленьне да рэжыму дыктатара.
Мы павінны былі сустрэцца ў чэрвені, я думаю, 24 чэрвеня. Я адчуваў гонар і з нецярпеньнем чакаў гэтай сустрэчы, яна была вельмі істотнай з пункту гледжаньня будучыні Беларусі.
Я ведаў, што прэзыдэнт Лех Качыньскі падтрымлівае беларускую апазыцыю. У той час сітуацыя ў Беларусі была ўжо вельмі складанай.
Тое, што сказаў прэзідэнт Лех Качыньскі ў Грузіі (маецца на ўвазе падзеі пасьля расейскай акупацыі часткі грузінскай тэрыторыі ў 2008 годзе), магчыма, стала нечаканасьцю для заходніх палітыкаў, але не для нас.
Ён прамаўляў нашым голасам. Ён сказаў: далей будзе Ўкраіна, потым краіны Балтыі, потым Польшча.
Мы заўсёды перасьцерагалі ад гэтага ў Беларусі, асабліва калі краінай будзе кіраваць пуцінская марыянэтка Лукашэнка. Гэтае зло трэба ўспрымаць як дуэт: Крэмль і Лукашэнка.
Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут
За два месяцы да сьмерці прэзідэнт Лех Качыньскі сустракаўся з тымі, хто і праз 13 гадоў пасьля пакутуе ад рэжыму Лукашэнкі.
У лютым 2010 года прэзідэнт Лех Качыньскі скіраваў ліст Лукашэнку з нагоды рэпрэсій беларускіх уладаў супраць палякаў. Прэзыдэнт зьвярнуў увагу на неабходнасьць захаваньня правоў чалавека, якія зьяўляюцца асновай функцыянаваньня сучасных эўрапейскіх грамадзтваў.
На думку Леха Качыньскага, арышты, спробы запалохваньня і канфіскацыі маёмасьці ў людзей польскага паходжаньня таксама падрываюць неаднаразовыя запэўніваньні Беларусі ў сяброўскіх польска-беларускіх адносінах і яе эўрапейскіх памкненьнях. Таксама выклікаюць сумневы адносна заяўленых зьменаў у палітычнай сістэме Беларусі.
Напярэдадні былі затрыманыя больш за 40 сяброў Саюза палякаў у Беларусі.
— Тое, што адбываецца з палякамі ў Беларусі, — справа нашай краіны і ўсяго Эўразьвязу. Польшча абараняе не толькі сваіх суайчыньнікаў, але і агульначалавечыя, базавыя прынцыпы, — заявіў прэзідэнт Лех Качыньскі на прэс-канферэнцыі пасьля сустрэчы са старшынёй Саюза палякаў Беларусі.
— Мы абараняем
грамадзянскую супольнасьць, у якой ёсьць месца нацыянальным меншасьцям і апазыцыі,
правы якіх у Беларусі парушаюцца. Я хачу заклікаць Эўразьвяз да салідарнасьці,
якая вельмі патрэбная нашым суайчыньнікам і ўсім, хто хоча пераменаў у
Беларусі, — сказаў Лех Качыньскі.
Прэзыдэнт выказаў салідарнасьць з сябрамі Саюза палякаў Беларусі.
— Гэта мой абавязак як прэзыдэнта Рэспублікі Польшча, і для мяне відавочна, што я павінен выказаць такую поўную салідарнасьць — сказаў прэзідэнт на сумесным з Борыс прэс-брыфінгу.
Анжаліка Борыс падзякавала Леху Качыньскаму за падтрымку.
— Гэта мае вялікае значэньне для палякаў, якія змагаюцца за права на нармальнасьць. Для многіх палякаў у Беларусі прэзыдэнт Польшчы зьяўляецца іх прэзыдэнтам, — адзначыла яна.
Як паведамляў тагачасны прэс-сакратар СПБ, а сёньняшні былы палітвязень Ігар Банцар, падчас сустрэчы Леха Качыньскага і Анжалікі Борыс абмяркоўваліся пытаньні, зьвязаныя з сытуацыяй вакол Саюза палякаў на Беларусі і становішчам у краіне.
«Прэзыдэнт Качыньскі з першых вуснаў атрымаў адказы на ўсе пытаньні, што яго цікавілі. Сустрэча прайшла вельмі пазытыўна, і мы задаволены яе вынікамі», — сказаў Банцар.
У сустрэчы прымаў удзел і адзін з кіраўнікоў Саюза палякаў Беларусі Анжэй Пачобут.
Каханьне зь Беларусі
«І памерлі яны ў адзін дзень», — гэта пра Леха Качыньскага і яго жонку Марыю з Мацкевічаў.
Марыя Алена Мацкевіч, дачка Чэслава Мацкевіча і Лідзіі Пішчакі, нарадзілася 21 жніўня 1942 года ва ўрочышчы Махава пад Кабыльнікам (сёньня — вёска Нарач) і была ахрышчаная 27 верасьня ў мясцовым касьцёле сьвятога Андрэя апостала тагачасным пробашчам кабыльніцкай парафіі ксяндзом Казімірам Паўловічам.
Адпаведны запіс захаваўся ў метрычнай кнізе парафіі сьвятога Бэрнарда ў Сопаце, што ў Польшчы, дзе будучая прэзыдэнцкая пара заключыла сакрамэнт сужэнства.
У 2017 годзе зьявілася ініцыятыва аб стварэньні мэмарыяльнай дошкі ў гонар жонкі прэзідэнта Качыньскага.
«У мястэчку на захадзе Беларусі адбылася сьвятая імша за Марыю. Гэта першы крок да ўшанаваньня памяці месца, дзе яна нарадзілася і ахрысьцілася 75 гадоў таму», — пісала «Rzeczpospolita».
Паколькі дом сям’і Мацкевічаў — лесьнічоўка ў ваколіцах Нарачы — да сёньняшняга дня не захавалася, адзіным месцам для ўшанаваньня памяці Марыі Качыньскай зьяўляецца касьцёл, у якім яна прыняла сакрамэнт сьвятога хросту. З ініцыятывай усталяваць у сьвятыні сьціплую мемарыяльную дошку выступіла Амбасада Рэспублікі Польшча, якая звярнулася з адпаведнай прапановай да беларускіх дзяржаўных уладаў і ўладаў беларускага Касьцёла.
«Мы хацелі б зрабіць гэта да 27 верасьня, да 75-годзьдзя хросту Марыі. Але касьцёл — гэта помнік, і зьмест шыльды павінен быць узгоднены як са сьвецкімі, так і з царкоўнымі ўладамі», — заяўляў прэс-сакратар амбасады.
Дошка выкананая ў форме разгорнутай кнігі з крыжам у верхняй частцы, пад якім на беларускай і польскай мовах напісана:
«У гэтым касьцёле 27 верасьня 1942 года была ахрышчана Марыя Качыньская (Мацкевіч), якая нарадзілася 21 жніўня 1942 г. у Махаве на тэрыторыі мясцовай парафіі, жонка прэзыдэнта Рэспублікі Польшча Леха Качыньскага».
Урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі адбылося ў 2019 годзе, імшу цэлебраваў Мітрапаліт, Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.