Літва прапанавала ўвесці дадатковыя санкцыі адносна Беларусі за перапраўку мігрантаў у ЕС

Як заявіла афіцыйная Вільня, за апошнія дні беларуска-літоўскую мяжу перасеклі сотні мігрантаў, пераважна — з Іраку.

3f450feb_63f2_480c_8ca9_1038a33fb343_w1023_r1_s.jpg


У панядзелак Літва запрапануе пашырыць санкцыі ЕС адносна Беларусі за перапраўку мігрантаў праз мяжу ў Еўрасаюз. Пра гэта паведаміла ў інтэрвію агенцтву Reuters прадстаўніца МЗС Літвы, перадае Радыё Свабода.

«Мы прапануем разгледзець пытанне аб паступовым пашырэнні сектаральных санкцый», — заявіла яна.

Як паведамляе прэс-служба літоўскага Міністэрства замежных спраў, пытанне нерэгулярнай міграцыі з Беларусі будзе таксама абмяркоўвацца на нефармальнай сустрэчы з міністрамі краін Паўночнай Еўропы і Балтыі напярэдадні пасяджэння Рады ЕС, якое пачнецца заўтра ў Брусэлі.

«Выкарыстанне міграцыі ў якасці зброі супраць краін ЕС нават больш цынічнае, чым угон самалёта Ryanair. Я ўпэўнены, што нашы скандынаўскія і балтыйскія калегі пагодзяцца, што рэжымы, якія выкарыстоўваюць мігрантаў у якасці зброі гібрыднага нападу, павінны атрымаць балючы агульны адказ з боку ЕС. Наша палітыка ў цэлым павінна ўтрымліваць іншыя рэжымы ад выкарыстання людзей у якасці інструмента палітычнага шантажу супраць ЕС у цэлым. Таму мы спадзяемся на падтрымку нашых паўночных і балтыйскіх калегаў у дачыненні да далейшых санкцый супраць беларускага рэжыму — мы пагаворым пра іх заўтра ў Брусэлі», — цытуе REFORM.by міністра замежных спраў Літвы Габрыэлюса Ландсбергіса.

У мінулую пятніцу Літва пачала будаваць 550-кіламетровы плот з калючага дроту на мяжы з Беларуссю, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў тым, што яны пускаюць у краіну мігрантаў з-за мяжы, каб затым незаконна перапраўляць іх у Еўрасаюз.