Левыя збіраюцца вылучыць свайго кандыдата на прэзідэнцкія выбары

Беларускім левым ужо сёння неабходна вызначацца з фарміраваннем пазіцыі адносна сумеснага ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2015 года з магчымасцю вылучэння адзінага левага кандыдата. Пра гэта заявіў старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, выступаючы 2 жніўня ў Мінску на круглым стале «Актуальныя праблемы сацыяльнага руху».



novih_pospeha_.jpg

Палітык зазначыў, што беларускія грамадзяне не давяраюць уладзе, але не бачаць ёй альтэрнатывы, не ведаюць, што прапаноўваюць дэмакратычныя сілы. «Мяркую, што ў левых найбольшыя шанцы прапанаваць людзям альтэрнатыву», — заявіў ён.
Калякін мяркуе, што ў хуткім часе левым неабходна «прааналізаваць свае пазіцыі і пачаць выпрацоўку плана сумесных дзеянняў».
«Трэба данесці да людзей, што мы хочам зрабіць, каб яны зразумелі, што гэта дапаможа вырашыць іх праблемы», — сказаў ён.
Для гэтага, мяркуе лідар партыі, неабходна на наступную кампанію па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў падрыхтаваць адзінае пасланне, а таксама сфарміраваць спіс кандыдатаў, якія з гэтым пасланнем пойдуць на выбары.
Калякін таксама мяркуе, што супрацоўніцтва левых павінна выйсці за межы палітычных партый і ўключаць сумесную працу незалежных прафсаюзаў, грамадскіх аб’яднанняў, левых ініцыятыў.
БелаПАН