Макей: Беларусь мае намер цвёрда працягваць курс на развіццё адносін з ЕС

«Мы павінны шукаць тое, што нас не раз'ядноўвае, а аб'ядноўвае. І на такой аснове ўсталёўваць адносіны», — распавёў Уладзімір Макей БелаПАН падчас сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕС і Усходняга партнёрства.



Фота www.euneighbours.eu

Фота www.euneighbours.eu

Беларусь мае намер цвёрда працягваць курс на далейшае развіццё адносін з Еўрасаюзам, заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, які прыбыў 13 траўня ў Брусель на сустрэчу кіраўнікоў МЗС краін ЕС і Усходняга партнёрства.

Паводле слоў Макея, ён прыехаў на сустрэчу з пазітыўнымі чаканнямі. "Тэма пасяджэння — падвядзенне вынікаў 10-гадовага перыяду развіцця Усходняга партнёрства і акрэсленне нашых чаканняў на будучыню. Я лічу, што гэта вельмі важная тэма. І важна вельмі старанна прааналізаваць усе нашы дасягненні (а яны ёсць) і падумаць, якія ў нас існуюць недахопы, зрабіць адпаведныя высновы і зрабіць так, каб за наступныя 10 гадоў мы дасягнулі нашмат большага ў межах развіцця гэтай ініцыятывы", — сказаў кіраўнік беларускага МЗС.

На пытанне БелаПАН, чаго чакае Беларусь у наступныя 10 гадоў ад Усходняга партнёрства і ЕС, Макей адказаў: "Чаканні у нас вялікія. Мы маем намер цвёрда працягваць курс на далейшае развіццё нашых адносін з Еўрасаюзам. Мы маем намер, нарэшце, дамагчыся таго, каб мы падпісалі прыярытэты партнёрства, па якіх, на жаль, пакуль не па нашай віне працэс прыпынены. Спадзяюся, што да канца года мы прасунемся і ў плане падпісання пагадненняў па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Мы маем намер гаварыць пра тое, што нам трэба працаваць шмат над тым, каб заключыць асноўнае пагадненне аб супрацоўніцтве і партнёрстве з ЕС".

Паводле слоў Макея, гэтыя пытанні ён плануе абмеркаваць як на агульнай сустрэчы з калегамі з еўрапейскіх краін, так і падчас запланаваных на сёння двухбаковых перамоў.

На пытанне, ці ёсць нешта, чым Беларусь незадаволеная ў рэалізацыі ініцыятывы "Усходняе партнёрства", Макей адказаў: "Няма такога, каб краіна была ўсім задаволеная, удзельнічаючы ў нейкім інтэграцыйным аб'яднанні ці выбудоўваючы свае адносіны на двухбаковай аснове з той або іншай краінай. Заўсёды ёсць нейкія негатыўныя нюансы".

Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што "важна не зацыклівацца на гэтых негатыўных нюансах, а важна спрабаваць знайсці нешта агульнае, што аб'ядноўвае, што дапамагло б нам пераадолець існыя праблемы і выйсці на паступальны шлях развіцця".

"Мы зыходзім заўсёды з таго, што мы павінны шукаць тое, што нас не раз'ядноўвае, а аб'ядноўвае. І на такой аснове ўсталёўваць адносіны. Менавіта прыхільнасць аб'яднаўчаму парадку дня заўсёды дае больш вынікаў для ўсіх суб'ектаў міжнароднага права, чым нейкая канфрантацыйная лінія", — заявіў Уладзімір Макей.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.