Статкевіч прапанаваў працягнуць акцыі ў маі. Што пра гэта думаюць іншыя лідары апазіцыі?

Мікола Статкевіч пасля вызвалення прапанаваў працягваць пратэсты, але мяняць тактыку — выходзіць на дзяржаўныя святы. У якасці прыкладу ён прывёў 1 мая для эканамічных і сацыяльных патрабаванняў, 9 мая — для лозунгаў аб вызваленні ад акупацыі.

5f05b3197f939311f97fd48af4811b14_1_1.jpg

Свабода спытала іншых лідараў апазіцыі пра іх ацэнку такой ідэі.

Лябедзька: можна абмяркоўваць


Адзін з лідараў «Правацэнтрысцкай кааліцыі», старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што такую ідэю можна абмяркоўваць сярод іншых:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька


«Мы сёння правялі прэсавую канфэрэнцыю, правацэнтрысты выклалі свае прапановы: нашы патрабаванні і як іх дамагацца. Адзін з пунктаў — прапанова працягваць тое, што мы агучылі на пачатку гэтага году. Гэта значыць, «Маршы недармаедаў», асабліва ў тых рэгіёнах, дзе іх яшчэ не было.
Калі гэта рабіць? Можна і ў дзяржаўныя так званыя «святы», можна і ўвечары, каб людзям было даступна. Мы гатовыя гэта абмеркаваць. Але гэта мусіць быць «заточана» пад канкрэтныя мэты і задачы. Калі будуць дадатковыя прапановы, мы будзем гатовыя абмяркоўваць і падсумоўваць.

Янукевіч: гэта несур’ёзна


Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч негатыўна ацаніў прапанову Статкевіча:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Я лічу, што ў нас ёсць ужо цяпер свае даты: сёлета і 26 красавіка, і 27 ліпеня, і 8 верасня, і іншыя даты. Я негатыўна стаўлюся да ідэі сумяшчаць афіцыйныя святкаванні і акцыі пратэсту.
Ужо былі такія спробы ў тым жа 2011 годзе: мы бачылі, што прызначыць акцыі пратэсту на той жа час, што і дзяржаўныя святы, абвясціць, што ўсе гэтыя людзі знаходзяцца тут на наш заклік — гэта несур’ёзна. Мне здаецца, калі нейкая акцыя пратэсту, салідарнасці ці ў абарону незалежнасці, павінны быць зразумелыя склад удзельнікаў, дата і нагода».

Дзмітрыеў: галоўнае — план і бяспека


Лідар «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў мяркуе, што пратэсты могуць «упісацца ў кантэкст» 1 мая, але наўрад ці 9-га:

Андрэй Дзмітрыеў

Андрэй Дзмітрыеў


«Я думаю, тут не трэба „альбо так, альбо так“, а трэба зыходзіць са здаровага сэнсу. І не важна, рабіць гэта ў дні дзяржаўных сьвятаў ці асобна; у любым выпадку, як паказала 25 сакавіка, галоўнае — гэта сапраўды рыхтавацца да таго, што ты робіш, клапаціцца пра бяспеку людзей і мець не толькі план „мы выйдзем з пункту А ў пункт Б, і ўсё будзе добра“, а мець план Б і плян В, дзе казаць, што людзям рабіць, калі самы просты і відавочны план немагчыма рэалізаваць.
Таксама трэба разумець стаўленне грамадства. 1 мая — так, гэта Дзень працы, гэта балючыя сацыяльныя праблемы. А калі мы кажам пра 9 мая, то я не ўяўляю, як выйсці ў гэты дзень з сацыяльнымі лозунгамі, нават грамадства будзе гэта кепска ўспрымаць. Гэта, як мы ведаем, хіба не галоўнае свята, бальшыня беларусаў лічыць яго сваім. Можна далучацца да розных акцыяў ці рабіць свае, але гэта ўсё ж цалкам свята, а не дзень пратэстаў. І вы ведаеце, пазіцыя „Гавары праўду“ такая, што і 25 Сакавіка — гэта таксама найперш свята. А тое, што яго спалучылі з „Маршам абураных беларусаў“, дык ні свята не было, ні пратэсту не было».

А пратэсты будуць?


Ці не спужаецца народ выходзіць на наступныя пратэсты пасля разгонаў і затрыманняў 25 сакавіка і 26 сакавіка, ранейшых і цяперашніх судоў за акцыі пратэсту?
«Час пакажа, але мы мусім зрабіць усё, каб „прастора свабоды“, што ўзнікла ў апошні час дзякуючы таму, што людзі сталі менш баяцца, толькі павялічвалася, — кажа Анатоль Лябедзька. — Мы агучылі тыя рэгіёны, дзе ёсць людзі, гатовыя да новых „Маршаў недармаедаў“, будзем падаваць заяўкі. Мы б хацелі думаць у першую чаргу пра бяспеку. Лукашэнка заявіў, што ў кожным горадзе мусіць быць пляцоўка, куды людзі могуць вольна прыходзіць і выстаўляць свае патрабаванні. Паглядзім, ці гэта чарговае „бла-бла-бла“, ці гэта той пункт, які дасць людзям магчымасць менш баяцца і стварыць пляцоўкі для камунікацыі тых, хто за перамены, з тымі, хто належыць да вэртыкалі ўлады».
«Я не думаю, што народ спужаецца, я сапраўды лічу, што тыя людзі, якія выйшлі 25 і 26 сакавіка, не баяліся, — разважае Аляксей Янукевіч. — Я не думаю, што з'явіцца ў іх страх пасля таго, як яны былі затрыманыя, а нехта паехаў на суткі. Больш за тое, людзей, матывававаных каштоўнасцямі (а іх большасць з тых, хто выйшаў 25 сакавіка), наўрад ці можна спалохаць затрыманнямі і адміністрацыйнымі арыштамі. Сапраўды, частку „недармаедаў“ такія дзеянні ўладаў прымусяць устрымацца ад далейшага выказвання незадаволенасці сацыяльна-эканамічным становішчам. Сапраўды, хваля пратэстаў супраць дэкрэту № 3 пойдзе на спад, гэта непазбежна. Але ўсё роўна ў краіне будуць людзі, якія цэняць свабоду і нацыянальную годнасць вышэй за ўсё — і яны будуць гатовыя ўдзельнічаць у вулічных акцыях».
«Цяпер можна проста зрабіць пэўны перапынак, — лічыць Андрэй Дзмітрыеў. — Па-першае, 26 красавіка будзе „Чарнобыльскі шлях“, а Чарнобыль — гэта агульнанацыянальная трагедыя, звязаная не столькі з самім выбухам, колькі з наступствамі, найперш ракавымі захворваннямі. А потым 1 мая. Я думаю, людзям будзе куды прыйсці. Але, паўтаруся, план „сабраліся-пайшлі-пакрычалі-разышліся“ не спрацоўвае. Ён спрацоўвае толькі на тое, каб улады зрабілі з такім планам усё, што захочуць. Важна людзей папярэджваць пра розныя магчымасці, вынесці з 25 Сакавіка шмат урокаў, у тым ліку пра тое, што мы маем уладу, якая таксама плянуе, як сваіх мэтаў дамагчыся. План „а раптам“ не працуе».
svaboda.org