Мілінкевіч на пасяджэнні Еўранэсту: Альтэрнатывы дыялогу няма
18 сакавіка беларуская дэмакратычная супольнасць упершыню атрымала магчымасць выступіць на пленарным пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Еўранэсту, якая праходзіць у Ерэване.
Агульную пазіцыю дэлегацыі беларускай апазіцыі прадставіў старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.
У сваім выступе палітык адзначыў, што беларускія дэмакратычныя сілы розныя — левыя, правыя, “але ўсе разам адстойваюць права беларусаў жыць у дэмакратыі і незалежнай краіне”.
“Дэмакратыя абавязкова прыйдзе, але сёння для нас галоўнае — абараніць незалежнасць, бо яе можна страціць за адну ноч, і тады не будзе ні свабоды, ні правоў чалавека, ні Радзімы”, — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.
Ён адзначыў, што “што толькі паступовая еўраінтэграцыя дае нам шанец на захаванне Беларусі”.
Дэмакратыяныя сілы, па ягоных словах, выступаюць за дыялог унутры краіны: “За тое, каб палітычная дыскусія перш за ўсе вялася не на вуліцах і плошчах, а ў міжнародна прызнаным беларускім парламенце”.
“Ва ўмовах пагрозы агрэсіі з боку Расіі нам неабходнае нацыянальнае яднанне”, — адзначыў Мілінкевіч.
Таксама дэмакратычныя сілы за дыялог з ЕС — “прычым не за дыялог дзеля дыялогу, а шчыры, крытычны, абумоўлены дыялог. Дыялогу няма альтэрнатывы, але ён мусіць грунтавацца на празрыстых прынцыпах, прагматычных адносінах з захаваннем павагі да каштоўнасцяў”.
“Могуць быць цыклы прагрэсу і рэгрэсу, але Еўропа не павінна казаць: “Не хочаце з намі — да пабачэння!” Трэба спрыяць лібералізацыі і росту еўрааптымізму як грамадзянаў, так і ўладаў нашай краіны. Найважнейшае — захаваць тут "смак Еуропы"!” — заявіў Мілінкевіч.
“Дыялог мае дапамагчы правесці ў Беларуси сумленныя выбары. Нам вельмі важна, каб беларускія парламентарыі як роўныя з роўными былі прадстаўлены ў Еўранэсце. Сёння мы прапануем кампрамісны варыянт “5+5” (палова дэлегацыі — ад Палаты прадстаўнікоў, палова — ад грамадзянскай супольнасці). Маем надзею, што выбары ў наш парламент 2016 года пройдуць ужо адкрыта, справядліва, мы палічым галасы разам з уладай — у гэтай зале Беларусь стане прадстаўляць паўнавартасная дэлегацыя”, — сказаў старшыня Руху “За Свабоду” на пленарным пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Еўранэсту ў Ерэване 18 сакавіка.
“Мы таксама вітаем запрашэнне афіцыйнай беларускай дэлегацыі на Рыжскі саміт Усходняга партнёрства ў траўні, аднак лічым, што на ім павінен быць пачуты таксама голас грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі”, — сказаў Мілінкевіч.