Міністр Шуневіч — у шпіталі

Як стала вядома «Нашай Ніве», міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч праходзіць лячэнне ў шпіталі Міністэрства ўнутраных спраў.

Здымак: прэс-служба МУС

Здымак: прэс-служба МУС


У выніку ў Мінску пайшлі чуткі, што ў міністра здарыліся праблемы з сэрцам пасля нарады ў Лукашэнкі. Але, як нам удалося высветліць, Шуневіча шпіталізавалі яшчэ 9 кастрычніка. На вялікую нараду да Лукашэнкі, якая прайшла 14 кастрычніка, ён, хутчэй за ўсё, прыехаў з бальніцы.
Вядома, што Ігар Шуневіч праходзіць лячэнне ў неўралогіі. У кожным разе, за ім там замацаваная асобная палата. У той жа час, назірае яго, кажуць, кардыёлаг.
У шпіталі Шуневіч рэдка праводзіць цэлы дзень. Часцей за ўсё прыязджае на працэдуры, начуе дома. На выходных яго таксама ў шпіталі няма.
50-гадовы Ігар Шуневіч займае пасаду міністра ўнутраных спраў Беларусі ад 2012 года. Ён ураджэнец Луганскай вобласці Украіны, у Беларусі жыве ад 1987 года, калі прыехаў вучыцца ў Акадэмію міліцыі. Прозвішча Шуневіч — беларускае, найчасцей сустракаецца на захадзе Віцебшчыны.
Шуневіч звярнуў на сябе ўвагу, калі ў часе масавых арыштаў пасля Плошчы 2010 года асабіста браў актыўны ўдзел у допытых і «распрацоўцы» палітычных зняволеных, хоць ён тады займаў пасаду кіраўніка галоўнага ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю КДБ.
Шуневіч лічыцца прыхільнікам жорсткай лініі і чалавекам прарасійскіх поглядаў. Кажуць, што ён таксама выключна патрабавальны да падначаленых і нецярпімы да карупцыі.
Паводле «Нашай Нівы»