Міністр спорту Фінляндыі заклікаў да байкоту Алімпіяды ў Сочы і ЧС па хакеі ў Мінску
Парушальнікі правоў чалавека не могуць праводзіць міжнародныя спартыўныя турніры.
Паава Архінмякі
Паава Архінмякі заявіў, што мае намер байкатаваць цырымонію адкрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў з-за парушэнняў правоў чалавека ў Расіі. Аб гэтым перадае РБК са спасылкай на інтэрв'ю, якое міністр культуры і спорту Фінляндыі даў нацыянальнай тэлекампаніі YLE.
«Ніводзін палітык не павінен падтрымліваць парушэнне правоў чалавека, абмежаванне свабоды слова або рэпрэсіі ў дачыненні да меншасцяў», — заявіў журналістам Паава Архінмякі. У інтэрв'ю ён таксама раскрытыкаваў
рашэнне аб правядзенні глабальных спартыўных спаборніцтваў у краінах, дзе існуюць сур'ёзныя праблемы з правамі чалавека.
«Гэта вельмі вялікая праблема ў спартыўнай супольнасці, паколькі такія аспекты не прымаюцца пад увагу пры выбары месцаў правядзення спаборніцтваў, — сказаў ён. — Чэмпіянат свету па хакеі пройдзе ў Беларусі, краіне апошняй дыктатуры ў Еўропе.
Катар, дзе выкарыстоўваецца рабская праца, рыхтуецца да правядзення чэмпіянату свету па футболе».
Нагадаем, права арганізацыі чэмпіянату Лукашэнка атрымаў яшчэ ў 2009 годзе. Яго правядзенне запланавана з 9 па 25 мая 2014 года на «Мінск- Арэне» і
«Чыжоўка-Арэне».
З-за парушэння ўладамі Беларусі правоў чалавека і наяўнасці палітвязняў праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі выступілі супраць арганізацыі спартыўнага мерапрыемства. Ідэю пераносу турніру
падтрымалі многія еўрапейскія і амерыканскія палітыкі. Некаторыя краіны ўжо прыгразілі байкатаваць чэмпіянат у выпадку яго правядзення ў Мінску з-за рэпрэсій, якія ажыццяўляюць
беларускія ўлады.
charter97.org