Мінскія міліцыянты не могуць знайсці Марыну Хоміч

Міліцыя працягвае расшукаваць лідэра мадалых хрысціянскіх дэмакратаў Марыну Хоміч. Да дзеянняў Партызанскага РАУС Мінска па вышуку лідаркі Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў Марыны Хоміч далучыліся і супрацоўнікі Савецкага РАУС.



maryna_chomic.jpg

Міліцыянты абыходзяць знаёмых лідаркі МХД і нават зазіраюць у шафы, калі знаёмыя кажуць, што Марыны ў іх няма. Зачэпкамі для ўваходу супрацоўнікі міліцыі называюць званкі са скаргамі на гучную музыку, якія паступілі нібыта ад суседзяў, паведамляе прэс-служба БХД.

Нагадаем, што раней міліцыянты прыходзілі да сваякоў Хоміч, у якіх яна пражывае. Свой візіт следчы патлумачыў тым, што Марына Хоміч унесеная ў пэўныя спісы і ў сувязі з гэтым яму неабходна ўдакладніць інфармацыю. У прыватнасці, яго цікавілі тэлефоны лідаркі МХД, яе месца працы, дзе яе можна знайсці і гэтак далей. Самой Марыны Хоміч у гэты час дома не было.

Пасля сваякам патэлефанаваў аперупаўнаважаны, які запрасіў яе прыйсці на «апытанне». Фармальная прычына запрашэння ў тым, што тэлефон Марыны Хоміч у ліку 1,5 тыс. іншых тэлефонаў быў заўважаны ў раёне абрабавання банкамату. Аднак, адзначае лідарка МХД, незразумела тады, чаму міліцыянты прыходзілі менавіта да яе дадому, бо ейны мабільны тэлефон зарэгістраваны на іншага чалавека і напачатку было б лагічным распытваць яго.

«Масавая істэрыя ўлады выглядае смешна. Замест таго, каб змагацца са злачынцамі, бараніць беларусаў, усе сілы міліцыянтаў, якія жывуць за кошт падаткаплатнікаў, кінутыя на пераслед дэмакратычных актывістаў. Міліцыянты скрозь пальцы глядзелі на распаўсюд спайсаў, ад якіх цяпер залежыць значная частка моладзі, затое ад палявання на актывістаў яны ніколі не адмаўляліся. Гэта ўсё выклікае пагарду», — адзначыла Марына Хоміч.

«Я пайду ў міліцыю на наступным тыдні. Мне хавацца няма чаго. Але я хацела б звярнуць увагу на тое, да чаго прыводзіць правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі. І адказаць за поўную зачыстку актывістаў нясуць не толькі беларускія ўлады, але і тыя палітыкі, чыноўнікі, прадстаўнікі ІІХФ, якія дазволілі правядзенне ЧС у сённяшніх умовах», — падкрэсліла лідарка МХД.

Варта зазначыць, што больш за 10 актывістаў розных маладзёжных каляпалітычных парганізацый напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі па звычайных артыкулах за дробнае хуліганства і супраціўленне міліцыі. Відавочна, што абвінанвачанні супраць іх былі сфабрыкаваныя, а іхнія арышты маюць на мэце прадухіліць магчымыя акцыі пратэсту пад час «свята хакею».