МЗС Беларусі апавясціў амбасаду РФ аб затрыманні КДБ трох грамадзян Расіі
Амбасада Расеі ў Беларусі атрымала афіцыйнае паведамленне ад МЗС Беларусі аб затрыманні КДБ РБ трох грамадзян Расіі.
Пра гэта TUT.BY паведаміў прэс-сакратар амбасады Расеі ў Беларусі Аляксей Маскалёў.
Яны затрыманыя ў сувязі з падазрэннем у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 431 КК РБ (Дача хабару).
«У сувязі з гэтым, у адпаведнасці з усталяванай практыкай, накіравалі запыт у кампетэнтныя беларускія органы аб доступе консульскіх супрацоўнікаў да названых грамадзянаў РФ», — дадалі ў пасольстве.
Аляксей Маскалёў таксама дадаў, што ў паведамленні МЗС Беларусі не паведамляецца, што затрыманыя праходзяць па тых жа эпізодах, звязаных з апошнімі гучнымі затрыманнямі ў Беларусі.
Нагадаем, 4 мая КДБ Беларусі афіцыйна пацвердзіў затрыманне дырэктара «Белтэлекама» Сяргея Сівадзедава за атрыманне хабару. Разам з ім сілавікі затрымалі і хабарадавальніка — грамадзяніна Расійскай Федэрацыі К. Той перадаў Сівадзедаву грошы «за садзейнічанне ў пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталявання».
Акрамя таго, сталі вядомыя падрабязнасці затрымання намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэя Уцюрына. Ён быў затрыманы з доказамі злачынства пры атрыманні 148 600 даляраў ЗША ад прадстаўніка расійскай камерцыйнай структуры за садзейнічанне ў прасоўванні яе інтарэсаў у Беларусі, паведамілі ў ведамстве.
Пасля гэтых паведамленняў амбасада Расеі ў Беларусі запытала інфармацыю ў беларускага боку пра затрыманні.
Паводле tut.by