Рассельгаснагляд затрымаў 87 тон «санкцыйнай» садавіны і гародніны з Беларусі

Рассельгаснагляд заяўляе, што з Беларусі па-ранейшаму спрабуюць увезці "падкаранцінную прадукцыю".

pixabay.com

pixabay.com

За 1-6 траўня былі затрыманыя 14 аўтамабіляў, якія ехалі ў Расію з Беларусі аб'язнымі дарогамі па-за афіцыйным пунктам пропуску. У іх перавозілі 86,9 тоны рознай плодаагародніннай прадукцыі.
На яблыках (57,9 тоны) расійскія фітасанітарныя інспектары выявілі на адной з партый маркіроўку Малдовы. Пры даглядзе 19 тон цыбулі-парэя, цыбулі-шалота, салеры і фенхеля была выяўленая маркіроўка Італіі ды Галандыі. А яшчэ 10 тон бульбы перавозіліся ўвогуле без маркіровачных этыкетак.
Усе грузы былі без суправаджальных дакументаў. Пасля адміністрацыйнага расследавання ўся прадукцыя будзе знішчаная.
Акрамя таго, расіяне плануюць знішчыць 88 тон яблыкаў і грушаў, затрыманых раней. Іх таксама спрабавалі ўвезці ў Расію па падобнай схеме.
Рассельгаснагляд робіць выснову, што з Беларусі працягваюцца пастаўкі забароненай да ўвозу ў Расію прадукцыі. Тавар перагружаюць на тэрыторыі нашай краіны і дробнымі партыямі вязуць у Расію па аб'язных дарогах. 
Паводле euroradio.fm