МЗС Літвы: Улады Беларусі не ўлічваюць інтарэсы простых людзей
Так у знешнепалітычным ведамстве Літвы пракаментавалі чарговую затрымку з падпісаннем Беларуссю дамовы аб малым памежным руху. Адтэрміноўка ўвядзення ў дзеянне дамовы аб малым памежным руху ў
літоўскім МЗС лічаць “чарговымі страчанымі магчымасцямі”.
Гэтую пазіцыю Еўрарадыё выказаў віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрус Крывас:
“На гэта мы глядзім як на яшчэ адну страчаную магчымасць, і мы будзем вяртацца да гэтай тэмы. Спадзяемся, што гэта праца будзе працягнутая і, магчыма, акурат падчас літоўскага
старшынства ў Еўрасаюзе (старшынства ў Еўрасаюзе да Літвы пераходзіць 1 ліпеня сёлета — “Еўрарадыё”) яна прынясе вынік”.
Нагадаем, дамова аб малым памежным руху дае магчымасць жыхарам 50-кіламетровай зоны па абодва бакі беларуска-літоўскай мяжы без віз ездзіць у Беларусь і Літву. Дарэчы, у гэтую
“безвізавую” зону трапляюць Вільня і Гродна.
Між тым, 23 сакавіка прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што малы памежны рух з Польшчай бліжэйшым часам уводзіць не плануецца ўвогуле “з-за антыбеларускай
пазіцыі ўрада Польшчы”, а што тычыцца Літвы, то пакуль “вывучаецца вопыт, звязаны з рэалізацыяй такога пагаднення з Латвіяй”. І пакуль гэты працэс не завершаны, малы
памежны рух з Літвой уведзены не будзе.