Нам ёсць чым пахваліцца. А ім?

Новы год да нас імчыць, Санта са сваімі санямі і аленямі ўжо на падыходзе. Традыцыйна ў гэтыя дні людзі падводзяць вынікі мінулага года і плануюць год наступны. Але вынікі мінулага тыдня больш падобныя на анекдот.

photo_2021_01_14_21_45_16.jpg


Грандыёзна-правальную сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна мы, напэўна, падрабязна абмяркоўваць не будзем, бо яе бачных вынікаў, як такіх, проста няма. Відавочна было і раней, што праект новай Канстытуцыі ў Крамлі не спадабаецца, а адсутнасць новых выбараў да 2025 года, як гэта плануюць беларускія ўлады, ніяк не стасуецца з «Сочынскімі пагадненнямі». Цяпер, напэўна, Пуцін будзе думаць, як прывесці свайго візаві ў адэкватнасць.
Пакуль гэта выявілася ў невербальным знаку — кіраўнік Расіі на хакейным матчы апрануў Лукашэнку ў БЧБ-форму. Канешне, форму на такія мерапрыемствы рыхтуюць зарання, але сам знак не можа не ўразіць.
Пад Новы год здараюцца цуды, і гэтыя цуды мы робім сваімі рукамі. Як раней казаў спадар Галоўчанка, «мы робім цуды на працы». І вось вам чарговы цуд: 27 снежня ўрад скарэктаваў параметры рэспубліканскага бюджэту на 2021 год. Дакументам, сярод іншага, зніжаны памер дэфіцыту на 3,11 млрд рублёў. Павялічаныя ліміты ўнутранай дзяржаўнай запазычанасці на 1,35 млрд рублёў, а гарантаванай унутранай запазычанасці — на 1,9 млрд рублёў.
Гэта, хіба, тое, што трэба ведаць пра «цуды на працы» ў разуменні ўрада. Калі бюджэт года карэктуецца за чатыры дні да заканчэння года, гэта пра нешта кажа. А менавіта пра тое, што ўрад дзейнічае сітуацыйна, і насамрэч, ніякай пэўнай стратэгіі ў яго дзеяннях не прадугледжваецца, а вынікі дзейнасці істотна адрозніваюцца ад планаваных.


Канешне, гэта можна лічыць «падбіваннем вынікаў за год», але тым не менш…
Вельмі ўсцешыла на тыдні амбасада Беларусі ў Вялікабрытаніі, якая заявіла, што вядзе перамовы па вяртанні «Белавія» ў брытанскую паветраную прастору.
«Урад Рэспублікі Беларусь сваё рашэнне прыняў, гэта тычыцца правядзення поўнамаштабнай канстытуцыйнай рэформы, змены палітычнай сістэмы ў краіне, таму мы чакаем адэкватнай рэакцыі на гэтыя дзеянні з боку заходніх краін, уключаючы Вялікабрытанію, і хацелі б пачаць абмяркоўваць практычныя пытанні, да якіх адносіцца зняцце ўсіх эканамічных абмежаванняў, у тым ліку ў дачыненні да “Белавія”», — сказаў пасол РБ у Аб’яднаным каралеўстве Максім Ермаловіч.
У гэтай цытаце прыўкрасна ўсё. Па-першае, неба для «Белавіі» было закрыта ў сувязі с прымусовай пасадкай рэйсу Ryanair у Мінску, і ніякая «канстытуцыйная рэформа» не можа зрабіць былое небылым. Па-другое, неба было закрыта не толькі Брытаніяй, але і ўсёй Еўропай. Спадару Ермаловічу трэба ўзяць глобус і паглядзець, як можна даляцець да Брытаніі, мінаючы еўрапейскія маршруты. Па-трэцяе, астатнія «эканамічныя абмежаванні» былі ўведзеныя не проста так, а ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека. Згаданая Ермаловічам «змена палітычнай сістэмы» ніяк не ўплывае на ўмовы заканчэння санкцый, а менавіта: спыненне палітычнага пераследу, вызваленне палітычных зняволеных і правядзенне празрыстых і справядлівых выбараў. Хутчэй, наадварот, нам было сказана, што ніякіх датэрміновых выбараў не плануецца (але планы могуць змяніцца).
Ну і, канешне, «урад Рэспублікі Беларусь» не прымаў ніякіх рашэнняў адносна «канстытуцыйнай рэформы». Усё гэта было зроблена па-за межамі ўраду, на ўзроўні Лукашэнкі. Блытаніна нават у такіх дробязях паказвае, наколькі ў нас няма замежных спраў. Ну і ўзровень кампетэнтнасці чыноўнікаў, зразумела.
Калі ж падводзіць вынікі года агулам… Безумоўна, гэта быў «год рэакцыі» для краіны, год, калі зашкалілі рэпрэсіі так, як гэтага ніхто не чакаў. Калі напрыканцы 2020-га я размаўляў з вядомым праваабаронцам Валянцінам Стэфановічам, ён казаў, што ў краіне можа быць да 300 палітвязняў, і гэтая лічба падавалася неверагоднай. Сёння ў краіне іх толькі прызнаных больш за 900, у тым ліку і сам Стэфановіч.
Былі раструшчаныя НДА, якія існавалі дзесяцігоддзямі. Раструшчаныя недзяржаўныя СМІ, якія існавалі не менш за НДА. Яшчэ ніколі па палітычных справах не давалі па 18-20 гадоў.
Усё гэта даволі жахліва і змрочна, калі не задацца пытаннем: а ці дасягнулі тыя, хто ўтрымлівае цяпер уладу, сваіх мэтаў? І ўвогуле, якія ў іх за гэты год дасягненні?


Нашыя дасягненні відавочныя. Нягледзячы на шал рэпрэсій, тыя ж незалежныя СМІ, хай і з-за мяжы, але працягваюць сваю працу. Не спыніліся, нягледзячы на арышты і «экстрэмізм», праваабаронцы. Зачынены ўладамі ПЭН-цэнтр аднаўляе сваю дзейнасць за мяжой. І шмат-шмат іншых ініцыятыў проста перафарматавалі сваю дзейнасць з улікам новых умоў. Але не спынілі яе.
Можна шмат казаць пра тое, што эміграцыя, хай і вымушаная — гэта кепска, і з-за мяжы цяжка ўплываць на сітуацыю ўнутры краіны. Аднак нельга не адзначыць, што эміграцыя цяпер — гэта і «запасны аэрадром» для тых, хто можа трапіць пад рэпрэсіі. У любой сумежнай з Беларуссю краіне (і не толькі сумежнай) багата людзей, якія дапамогуць і падтрымаюць. І адначасова гэта — плацдарм для далейшай дзейнасці на карысць Бацькаўшчыны.


Безумоўна, шмат народу з’ехала з краіны, але і шмат хто застаўся. Працягваецца «ціхі супраціў», дваровыя акцыі, на тыдні банер з лозунгам «Жыве Беларусь!» быў вывешаны проста ў цэнтры Мінска, на плоце Парку Чалюскінцаў. Перад новым годам палітвязням напісалі некалькі тысячаў лістоў і паштовак, а колькі яны атрымаюць тэлеграм — аднаму Богу вядома.
Беларусы не згубілі імпэту і салідарнасці, і лозунг «беларус беларусу беларус» па-ранейшаму актуальны. І ніякія рэпрэсіі нікога не спынілі, таму што спыніць 97% немагчыма ў прынцыпе.
А якія дасягненні ў тых, хто ўтрымаў уладу шалёнымі рэпрэсіямі? Апроч утрымання ўлады, бадай, ніякіх, ці не так?
Нам ёсць чым пахваліцца за мінулы год, — нягледзячы на шалёны ціск і шалёныя рэпрэсіі. А ці ёсць чым хваліцца ў іх?
Па-мойму, гэта яскравы паказчык таго, у каго ёсць будучыня, а ў каго яе няма.