У апошні дзень года Мінфін у чарговы раз пагоршыў прагноз дэфіцыту дзяржбюджэту

Міністэрства фінансаў у чарговы раз пагоршыла прагноз па чаканым дэфіцыце рэспубліканскага бюджэту ў гэтым годзе. Яго павысілі амаль да 6,5 мільярда рублёў.

c73ff3fa13b6d8bf6f71fbbe36fc00180a597b6d.jpeg


Мінфін прагназуе, што дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту па выніках года складзе 6 мільярдаў 470,1 мільёна рублёў. Гэта на 270,4 мільёна больш, чым папярэдні прагноз, піша сайт ведамства.

У студзені-лістападзе рэспубліканскі бюджэт быў выкананы з дэфіцытам, выдаткі перавысілі прыбыткі на 39,9 мільёна рублёў.

Нагадаем, што першапачаткова бюджэт 2021 года планаваўся з дэфіцытам у 4 млрд. рублёў. Потым дэфіцыт бюджэту быў скарэктаваны — павялічаны да 5,6 млрд. рублёў. Потым ён быў скарэктаваны яшчэ раз — да 6,2 млрд. рублёў. Цяпер яго павысілі яшчэ раз.

Прагноз па дэфіцыце рэспубліканскага бюджэту ў 2022 годзе таксама скарэктаваны да ўзроўню 2,9-3 мільярды рублёў, або 1,6% ВУП. Раней улады прагназавалі, што бюджэт у наступным годзе будзе ў мінусе на 1,9 мільярда рублёў.

Дэфіцыт дзяржбюджэту Беларусі ў 2020 годзе склаў 2,2 мільярда рублёў. Чыноўнікі зэканомілі на адукацыі і ахове здароўя, але звыш планаў выдаткаваліся на нацыянальную абарону.