Дэфіцыт бюджэту Беларусі за квартал перавысіў $668 млн.

Дэфіцыт дзяржбюджэту Беларусі ў I квартале 2021 года склаў 1,768 млрд. рублёў (больш за $668 млн. долараў). Такую лічбу агучыў кіраўнік Мінфіна Юрый Селіверстаў.

1804910_v_ukrayini_zyavilasya_nova_finansova_piramida_yaki_e_oznaki_shahraystva.jpeg


Паводле яго слоў, даходы рэспубліканскага бюджэту за студзень-сакавік склалі 5,617 млрд. рублёў (каля $2,1 млрд.), або 109% да ўзроўню студзеня-сакавіка 2020 года. Выдаткі дзяржавы за першы квартал — 7,385 млрд. рублёў, піша АФН.

Нагадаем, што інфляцыя ў Беларусі ў сакавіку склала 8,5%, што як бы нівелюе «+9% даходаў да ўзроўню студзеня-сакавіка 2020 года».

«Мы знаходзімся ў планавых параметрах, бюджэт быў першапачаткова сфармаваны з дэфіцытам», — запэўніў чыноўнік.

Варта дадаць, што першапачаткова бюджэт 2021 года планаваўся з дэфіцытам у 4 млрд. рублёў. Потым дэфіцыт бюджэту быў скарэктаваны — павялічаны да 5,6 млрд. рублёў. Калі дэфіцыт і далей будзе расці такімі ж тэмпамі, то бюджэт давядзецца карэктаваць яшчэ не раз.