«Не выключана, што 25 сакавіка адбудуцца прарасійскія правакацыі»

Аргкамітэт па святкаванні Дня Волі распавёў журналістам пра свае планы і засцярогі.

sakavik2_1_logo.jpg

Прэс-канферэнцыя прайшла з удзелам старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, старшыні БНФ Аляксея Янукевіча, сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага ды сустаршыні Руху салідарнасці «Разам» Алены Талстой.

Першапачаткова аргкамітэт па святкаванні Дня Волі збіраўся на пачатку году, падаў заяўку на правядзенне вулічнай акцыі, але яна «згубілася». Арганізатары патлумачылі гэта тым, што ўлады не захацелі даваць адказ загадзя, вырашыўшы прасачыць за развіццём падзеяў. Пасля была пададзеная паўторная заяўка. Адказ на яе мае прыйсці за 5 дзён да акцыі.

Па плане арганізатараў, удзельнікі Дня Волі збяруцца 25 сакавіка а 14.00 каля Акадэміі Навук. Далей калона пройдзе шэсцем па пр.Незалежнасці ў бок Кастрычніцкай плошчы.

«Патэнцыял пратэсту ёсць, — адзначыў Юрась Губарэвіч, — ён не можа быць прыватызаваны адной структурай ці лідэрам. Толькі супольная праца дасць станоўчы эфект. Разам з тым, Дзень Волі нельга зводзіць выключна да пратэсту супраць Дэкрэту №3. Абарона незалежнасці Беларусі і небяспека з боку РФ – вельмі вострыя пытанні сёння».

Зараз ідуць перамовы паміж суб’ектамі аргкамітэту ды БНК разам са Статкевічам, Някляевым ды Фядынічам аб агульным сцэнары акцыі. Аднак, пра пэўнае супольнае рашэнне можна будзе казаць толькі 8-9 сакавіка.

sakavik1_1_logo.jpg

«Спробы сутыкненныя сацыяльнага і нацыянальнага пратэсту недарэчныя, — заўважыў Янукевіч, — 25 сакавіка заўжды было днём абароны незалежнасці, у 2017-м будзе таксама. Грамадзяне, незадаволеныя сацыяльна-эканамічнай палітыкай дзяржавы, упэўнены, далучацца да акцыі. Роўна як і ў Курапатах, дзе сёння сацыяльны пратэст аб’яднаўся з нацыянальным».

Янукевіч таксама нагадаў пра правакацыі ў Віцебску падчас маршу супраць Дэкрэту №3 з боку прарасейскіх актывістаў, а таксама дэбош прадстаўнікоў НБП падчас паседжання кантактнай групы па Украіне нядаўна ў Мінску. Падобныя эксцэсы могуць адбыцца і 25 сакавіка. З гэтай нагоды лідэр БНФ заклікаў нейтралізоўваць правакатараў ды здаваць іх супрацоўнікам МУС.