Новы амбасадар ЗША можа прыехаць у Беларусь ужо ў наступным годзе
Часовы павераны ў справах ЗША Джэніфер Мур спадзяецца, што яе краіну ў Беларусі ў наступным годзе будзе прадстаўляць амбасадар. Пра гэта яна заявіла 7 жніўня на цырымоніі ўскладання кветак да магілы Рут Уолер на Вайсковых могілках Мінска, адказваючы на пытанне БелаПАН.
«Я спадзяюся, што ў наступным годзе гэты ганаровы абавязак ужо будзе выконваць амбасадар, а не часовы павераны ў справах, — заявіла яна. — І гэта будзе адлюстроўваць паляпшэнне ў адносінах паміж нашымі краінамі і народамі».
Дыпламат падкрэсліла, што «асабліва важныя адносіны на ўзроўні паміж людзьмі, таму што Рут Уолер увасабляла ўсё самае лепшае, што ёсць у амерыканцах, — гатоўнасць ахвяраваць для таго, каб паляпшаць месца, у якім яны жывуць, і жыццё людзей вакол іх».
«Я ганаруся тым, што ЗША з'яўляюцца самым вялікім донарам гуманітарнай дапамогі ў Беларусі. Яны дзейнічаюць у духу той працы, якую рабіла Уолер тут у Беларусі. Гэта тычыцца не толькі ўрада ЗША, урадавых праграм, але і прыватных, рэлігійных, дабрачынных арганізацый ЗША, якія працягваюць тую працу, якую пачала рабіць Рут», — заявіла Мур.
Рут Уолер была сакратаром місіі Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб'яднаных Нацый (UNRRA) у Беларусі і працавала ў пасляваенным Мінску разам з мужам. Яна памерла ў 1946 годзе ад інфекцыйнай хваробы ва ўзросце 24 гадоў, пахавана на Вайсковых могілках сталіцы.
У 2008 годзе паміж Мінскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне Злучанымі Штатамі санкцыяў у дачыненні да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. Тады ж Мінск па патрабаванні беларускага боку пакінула амбасадар Карэн Сцюарт, а 30 з 35 супрацоўнікаў амбасады ЗША былі высланы з краіны. Апошнія дзесяць гадоў дыпламатычныя місіі ў абедзвюх краінах узначальваюць павераныя ў справах.
31 студзеня 2019 года намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка заявіў у Вашынгтоне на пасяджэнні Атлантычнага савета, што працэс вяртання амбасадараў можа заняць месяцы, калі не гады.
naviny.by