Пачынаюць дзейнічаць кіруючыя прынцыпы АБСЕ па свабодзе асацыяцыяў

5 сакавіка ў межах сесіі Савета па правах чалавека ААН адбудзецца афіцыйнае прадстаўленне Кіруючых прынцыпаў па свабодзе асацыяцыяў, што былі распрацаваныя экспертамі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ (БДІПЧ АБСЕ) і Венецыянскай камісіяй Рады Еўропы.



asambleja_nda.png

Кіруючыя прынцыпы ўтрымліваюць рэкамендацыі наконт таго, як гарантаваць адпаведнасць заканадаўства ў пытаннях свабоды асацыяцыяў міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека і абавязальніцтвам АБСЕ, а таксама адлюстроўваюць добрую дзяржаўную практыку ў гэтай галіне. Прынцыпы накіраваныя на падвышэнне дасведчанасці грамадскасці пра права на свабоду аб'яднанняў.
Паводле спецыяльнага дакладчыка ААН па свабодзе мірных сходаў і асацыяцыяў Майна Кіаі, міжнародныя дамовы проста пазначаюць адпаведныя межы, каб абараніць нашыя правы — яны не паглыбляюцца ў дэталі. Вось чаму кіруючыя прынцыпы такія важныя: яны запаўняюць прабелы і дапамагаюць канкрэтызаваць, што менавіта ўключае ў сябе права на свабоду асацыяцыяў.
У дакуменце шырока выкарыстоўваюцца прававыя падыходы, сфармуляваныя ў шматлікіх рашэннях Камітэта ААН па правах чалавека, якія былі прынятыя па індывідуальных зваротах па факце парушэння свабоды асацыяцыяў з боку Беларусі, а таксама заключэнне Венецыянскай камісіі па наяўнасці ў беларускім заканадаўстве артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса, датычнага пакарання за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. Эксперты Асамблеі НДА ў 2012—2014 гадах прымалі ўдзел у кансультацыях у межах распрацоўкі кіруючых прынцыпаў.
Як адзначыў юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў, гэты дакумент вельмі важны для Беларусі, паколькі прыняты на ўзроўні АБСЭ, сябрам якой з'яўляецца нашая краіна: 
— Кіруючыя прынцыпы адносяцца да так званага “мяккага права” і ў адрозненне ад міжнародных пактаў і канвенцыяў не накладаюць на дзяржаву наўпроставых юрыдычных абавязальніцтваў. З іншага боку, дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ, у тым ліку і Беларусь, павінныя добрасумленна імкнуцца да выканання закладзеных у кіруючых прынцыпах падыходаў да прававога рэгулявання свабоды асацыяцыяў. Шэраг надзвычай актуальных для Беларусі пытаньняў (дзейнасць аб'яднанняў без рэгістрацыі, магчымыя крыніцы дзяржаўнага, прыватнага ды замежнага фінансавання НДА, абгрунтаваныя абмежаванні свабоды асацыяцыяў) знайшлі сваё адлюстраванне ў кіруючых прынцыпах. Такім чынам, у беларускіх правабаронцаў з'явіўся важны інструмент, да якога можна апеляваць у справе паляпшэння прававых умоваў для дзейнасці няўрадавых арганізацыяў у нашай краіне, — падагульніў Юрый Чавусаў.
Кіруючыя прынцыпы даступныя на старонцы АБСЕ. 
Паводле прэс-рэлізу Асамблеі НДА