Праціўнікі акумулятарнага завода ў Брэсце вырашылі працягнуць вулічны збор подпісаў за адстаўку мясцовых чыноўнікаў

У Брэсце на плошчы Леніна 24 чэрвеня зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Каля поўдня сюды прыйшло больш за 50 чалавек.

stop_1.jpg

На плошчы ў рамках Дня моладзі ў гэты дзень праходзіць выстава пазадарожнікаў і рэтрааўтамабіляў, таму грамадзяне перайшлі плошчу і засяродзіліся каля помніка Леніну.
Людзі, якія сабраліся вырашылі працягнуць па выхадных днях вулічны збор подпісаў за адстаўку мясцовых чыноўнікаў у сувязі са стратай даверу. Раней пратэстоўцы звярнуліся ў Нацыянальны сход з просьбай патлумачыць, ці з’яўляецца збор подпісаў на вуліцы масавым мерапрыемствам, якія падпадаюць пад дзеянне адпаведнага заканадаўства. 8 чэрвеня старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч накіраваў аўтарам адказ, у якім паведаміў, што збор подпісаў масавым мерапрыемствам не з’яўляецца.
11 траўня ў Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы было накіравана 3.226 подпісаў за адстаўку кіраўнікоў Брэста, Брэсцкага раёна і вобласці ў сувязі са стратай даверу. З-за збору подпісаў на вуліцах некаторыя актывісты прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці.
Сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва завода праходзяць на плошчы Леніна кожную нядзелю з 25 лютага.
Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Будуе прадпрыемства ТАА «АйПауэр» — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА «Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Паводле naviny.by