Прафсаюзны лідар — аб пенсійнай рэформе: «У сённяшніх умовах — гэта як пляваць супраць ветру»

Аляксандр Лукашэнка намякнуў — умовы выплат пенсіянерам зменяцца пасля выбараў. Па словах кіраўніка Беларусі, «пенсійная сістэма ў тым выглядзе, у якім мы яе сёння бачым, назіраем і выкарыстоўваем, адмерла».

pension.jpg

— Трэба зрабіць так, каб чалавек, працуючы, разумеў: буду лепш працаваць, больш зарабляць — на пенсіі будзе лепш. Ураўнілаўкі быць не павінна — заявіў Лукашэнка, выступаючы на з'ездзе праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў.
У каментары «Салiдарнасцi» адзін з лідараў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч ацаніў ініцыятыву кіраўніка дзяржавы.
Проста сказаць аб пенсійнай рэформе і пра роўнасць — гэта значыць нічога не сказаць, адзначыў ён. — Пенсійная рэформа ў Беларусі ўжо даўно пераспела. Прычым, па розных аспектах.
Сёння незалежна ад таго, якія адлічэнні чалавек (прадпрыемства за яго) робіць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, які ў яго быў сярэдні заробак... ад гэтага памер пенсіі зусім не залежыць. Пенсіі ўсерадняюць — і свае рэальна заслужаныя выплаты чалавек атрымаць не можа.
Вялікія пенсіі атрымліваюць дэпутаты, чыноўнікі, якія ў нас з’яўляюцца чамусьці ганаровымі пенсіянерамі, хоць незразумела, што яны такога ганаровага зрабілі. А ў асноўным людзі атрымліваюць мала: як мы ведаем, сёння мінімальная працоўная пенсія — гэта 250 рублёў. Проста крыўдна пра гэта гаварыць.
На думку суразмоўцы, так званая пенсійная рэформа ў Беларусі фактычна ўжо наступіла, калі павысілі заднім днём страхавы стаж:
— Перад тым, як нешта рабіць, трэба прывесці ў адпаведнасць са справядлівасцю цяперашнюю пенсійную сістэму. Трэба вярнуць страхавы стаж людзям, якія былі ў дэкрэтным адпачынку, служылі ў войску, вучыліся на дзённым аддзяленні ў ВНУ, даглядалі хворых... Усе яны трапілі сёння ў пенсійную пастку. У першую чаргу, улада павінна выправіць гэтую памылку.
А што тычыцца магчымай пенсійнай рэформы, то ў свеце сапраўды ёсць сацыяльная пенсія і ёсць назапашвальная пенсія, заўважыў Фядыніч. Але існуе адзін нюанс.
— Сёння ў Беларусі ўводзіць назапашвальную пенсію ў тых умовах, у якіх знаходзіцца наша эканоміка, гэта тое самае, што пляваць супраць ветру. Дзе людзям узяць грошы? Сёння ў большасці не хапае грошай ад зарплаты да зарплаты.
Таму напрошваецца выснова — трэба неадкладна і паэтапна рабіць рэформы ў эканоміцы: разбірацца з дзяржсектарам, які сёння неэфектыўны, з калгасамі, у якія вар’яцкія грошы ўліваюцца. Трэба зрабіць, каб нармальна працавала эканоміка. І толькі пасля гэтага можна пачынаць уводзіць назапашвальную пенсію, — лічыць адзін з лідараў незалежнага прафсаюзу.
Паводле Салідарнасці