Пракурор запрасіў пакаранне для фігурантаў «справы студэнтаў»

На працэсе ў «справе студэнтаў» 9 ліпеня пачаліся судовыя спрэчкі, паведамляе «Свабода».

6c5c8e49_9cc1_44a0_842e_6e7ff29d737d_w1023_r1_s.webp

Прадстаўніца пракуратуры зачытвала абвінавачанні 12 падсудным цягам гадзіны — прыблізна па 5 хвілін на кожнага з абвінавачаных.

Адразу прадстаўніца абвінавачання заявіла, што віна ўсіх падсудных паводле 342 артыкуле КК ў судзе была ўстаноўленая. Доказам несанкцыянаваных акцый ў ВНУ у верасні-кастрычніку 2020 года пракурор назвала паказанні сведак — супрацоўнікаў гэтых установаў.

Рэктары, намеснікі рэктараў, дэканы, выкладчыкі і ахоўнікі БДУ, БДУІР, БНТУ ды іншых вышэйшых навучальных устаноў Мінску, усяго больш за 20 сведак, паводле пракурора, пацвердзілі, што там праходзілі несанкцыянаваныя мітынгі і страйкі, якія «груба парушалі ўнутраны і грамадскі парадак».

Тое, што гэтыя акцыі арганізавалі падсудныя, паводле пракурора, таксама пацверджана доказамі: прызнальнымі паказаннямі падчас «яўкі з павіннай»; дадзенымі праслушкі мабільных тэлефонаў; звесткамі, атрыманымі з кампутараў; пастамі, размешчанымі ў чатах; фота- і відэадоказамі, пісьмовымі дакументамі, у тым ліку улёткамі.

Прадстаўніца абвінавачання прасіла суд улічыць станоўчыя характарыстыкі абвінавачаных і тое, што раней яны не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.

У канцы прамовы пракурор агучыла тэрміны, якімі просіць пакараць абвінавачаных.

Для Глеба Фіцнера яна запрасіла 2 гады зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму, для ўсіх іншых абвінавачаных — па 2 гады і 6 месяцаў. Гэтак пракурор просіць пакараць Анастасію Булыбенка, Вікторыю Гранкоўскую, Алану Гебрэмарым, Таццяну Якельчык, Ягора Канецкага, Яну Арабейка, Ксенію Сырамалот, Касю Будзько, Іллю Трахтэнберга, Марыю Каленік і Вольгу Філатчанкаву.

З 12 абвінавачаных толькі Глеб Фіцнер на судзе цалкам прызнаў сваю віну, іншыя настойвалі на тым, што яны невінаватыя.

Працэс ў «справе студэнтаў» праходзіць з 14 траўня ў Савецкім раённым судзе Мінску. Суддзя Марына Фёдарава.