Расія і тэрарызм у адным шэрагу. Брытанія складае спіс галоўных пагроз

Расія ўвойдзе ў спіс галоўных пагроз Вялікабрытаніі ў абноўленай стратэгіі нацыянальнай бяспекі краіны.



russia.jpg

Фота moneyjournal.ru

Мяркуецца, што прэм’ер-міністр краіны Дэвід Кэмеран прадставіць новую стратэгію 23 лістапада, піша Korrespondent.net са спасылкай на «The Times».

Разам з Расіяй самымі сур’ёзнымі пагрозамі будуць прызнаныя тэрарызм, радыкалізацыя экстрэмісцкіх груповак, у прыватнасці «Ісламскай дзяржавы», масавая міграцыя і глабальныя пагрозы чалавечаму здароўю.

Брытанскія ўлады прадстаўляюць стратэгію нацбяспекі кожныя пяць гадоў. Папярэдні даклад выйшаў у кастрычніку 2010 года, Расія ў ім не згадвалася.

Высокапастаўленая крыніца газеты растлумачыла, што прычынай уключэння Расіі ў лік пагроз сталі дзеянні Масквы ва Украіне. Вялікабрытанію таксама ўстрывожыла пашырэнне ваеннай прысутнасці Расіі ў Калінінградзе і пачатак ваеннай аперацыі ў Сірыі.

«З 2010 года Расія стала больш агрэсіўнай, больш аўтарытарнай і нацыянальна арыентаванай, яна ўсё больш становіцца ў апазіцыю да Захаду», — сказаў суразмоўца «The Times».

У снежні мінулага года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін зацвердзіў новую рэдакцыю расійскай ваеннай дактрыны, у якой галоўнай пагрозай пазначана пашырэнне NАТО.

Раней ЗША кваліфікавалі Расію як пагрозу нацыянальнай бяспецы.

belsat.eu