Расійскія вайскоўцы рыхтуюцца змагацца з Майданам і пакараць Арктыку
Пад уплывам Майдану і вайны на Данбасе Расія мадыфікавала сваю вайсковую дактрыну. Расейскія сілавікі рыхтуюцца змагацца з NATO і “пятай калонай унутры” краіны.
Ганна Дынэр
Расійскія гарнізоны пашыраюцца на Крыме і ў Арктыцы. А Беларусь ператвараецца ў “стратэгічны аэрадром”. Пра новыя кірункі развіцця расійскай арміі распавядаюць польскія эксперты.
Новая ваенная дактрына Расійскай Федэрацыі была зацверджаная 26 снежня 2014 года. Гэта мадыфікаваная версія дактрыны, якая з'явілася на чатыры гады раней. Пасля Майдану і вайны ў Данбасе ў дакумент былі ўнесеныя праўкі. Напрыклад, быў пашыраны спіс пагрозаў — у іх дадаліся "ўнутраныя ваенныя пагрозы". Сярод іх мы знойдзем “дэстабілізацыю ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне”, а таксама “інфармацыйнае ўздзеянне на насельніцтва, перадусім на маладых грамадзянаў краіны, скіраванае на падрыў гістарычных, духоўных і патрыятычных традыцыяў”. Новаўвядзенні расійскай ваеннай дактрыны каментуе эксперт Польскага інстытуту міжнародных справаў Ганна Дынэр.
ГаннаДынэр: Сярод новых пагрозаў пералічаныя гібрыдныя войны і войны інфармацыйныя. Гэта гучыць крыху парадаксальна, бо Расія сама з'яўляецца майстрам па іх вядзенні. Сярод іншых ваенных пагрозаў значацца рэгіянальныя канфлікты і пагрозы ўнутранага характару: тэрарызм, экстрэмізм, а таксама дзеянні грамадскіх арганізацыяў, нібыта кіраваных з-за мяжы. Вельмі здзіўляе, што да вайсковай дактрыны далучаюць пагрозы ўнутрыпалітычнага характару.
Галоўным праціўнікам Расія па-ранейшаму лічыць блок NATO. Аднак стрымліваць яго збіраецца не толькі ядзернай кувалдай. Упершыню ў дактрыне з'явілася канцэпцыя неядзернага стрымлівання — нарошчвання звычайных узбраенняў. Для барацьбы з новымі і старымі пагрозамі Расія намераная развіваць спецыяльныя сілы і выведку, кажа Анна Дынэр.
Ганна Дынэр: Расіяне намераныя развіваць сілы хуткага рэагавання, спецыяльныя сілы. Яны адрозніваюцца ад класічнага спецназу, да якога мы прызвычаіліся. Таксама Масква намераная развіваць сілы, здольныя адказваць на пагрозы інфармацыйнага характару. Расіяне не адмовіліся разглядаць Захад і NATO як сваю галоўную пагрозу. Таму вялікую ўвагу яны ўдзяляюць мадэрнізацыі ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння.
Галоўным прыярытэтам расійскай арміі ў апошнія гады стала нарошчванне прысутнасці ў Арктыцы. Масква тут стала піянерам. Іншыя краіны (Нарвегія, ЗША Канада) вайсковых базаў на Поўначы не будуюць і вучэнняў не праводзяць.
Ганна Дынэр: Пакуль што гэта аднабаковыя дзеянні Расіі. У пэўным сэнсе, гэта вяртанне ў савецкія часы, калі ў Арктыцы былі размешчаныя воінскія часткі. Расіяне рыхтаваліся да рэмілітарызацыі Арктыкі працяглы час. Праводзіліся тэматычныя вайсковыя вучэнні. Напрыклад, дэсант пры 15 градусах марозу і моцным ветры павінен рыхтаваць жаўнераў да працы ў арктычных умовах. 1 снежня 2014 года ў Расіі стварылі стратэгічнае камандаванне “Поўнач”. У будучыні яно можа ператварыцца ў новую вайсковую акругу. Размяшчаючы войскі ў Арктыцы, Расія намераная “сарваць нафтавы бонус”, узяць пад кантроль радовішчы. Трэба памятаць, што ў гэтым рэгіёне межы яшчэ не маюць ўрэгуляванага статусу.
Таксама Расія павялічвае колькасць войскаў у Чорным моры. Чарнаморскаму флоту плануюць перадаць новыя караблі, на анексаваным Крыме ўжо сфармаваны ракетна-артылерыйскі полк. Крэмль сваімі дзеяннямі хоча паказаць NATO, Еўрасаюзу і Украіне, што Крым ён аддаваць не збіраецца, падкрэслівае Ганна Дынэр.
Як на рост вайсковай прысутнасці рэагуе NATO? Пакуль што Паўночнаатлантычны альянс толькі павялічвае так званую “ратацыйную прысутнасць” у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы — кажа эксперт парталу Academic Security Forum Павал Флейшэр.
Фота: belsat.eu
П. Флейшэр: Першым крокам будзе выкананне пастановаў, прынятых на саміце NATO у Ньюпорце ў верасні мінулага года. Яны ўключаюць рэгулярную адпраўку падраздзяленняў заходніх сябраў альянсу на вучэнні ў Польшчу, краіны Балтыі, Румынію і Балгарыю. Другім крокам з'яўляецца ўзмацненне Паўночна-Усходняга корпусу, які знаходзіцца ў горадзе Шчэцін. Да 2016 года будуць пашыраныя яго камандныя здольнасці. А да 2018 года гэты корпус зможа кіраваць вайсковымі часткамі, якія знаходзяцца на ўсім абшары Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Расія пасварылася з усімі сваімі заходнімі суседзямі, таму Беларусь становіцца для яе важным плацдармам на Захадзе, — падкрэслівае Ганна Дынэр.
А. Дынэр: Гэта вельмі важная для Расіі краіна ў геастратэгічным плане. Яна не толькі адсоўвае супрацьпаветраную абарону Масквы на 500 кіламетраў на Захад. Тут можна размясціць знішчальнікі, з дапамогай якіх можна будзе кантраляваць большасць тэрыторыі Украіны, не гаворачы ўжо пра Польшчу ці краіны Балтыі. Беларусь напэўна разглядаецца ў якасці вайсковага плацдарму. У гэтым годзе на беларускай тэрыторыі адбудзецца самы вялікі экзамен расейскай арміі — вучэнні “Шчыт Саюзу—2015”.
Не выключана, што калі Аляксандр Лукашэнка будзе дрэнна кіраваць “расійскім стратэгічным аэрадромам”, Крэмль захоча адхіліць яго ад улады, мяркуе Ганна Дынэр. Таму сёння беларускі кіраўнік адчувае сябе вельмі некамфортна.
Што можа спыніць мілітарызацыю Расеі? Толькі эканамічны крызіс. Аднак нават у сітуацыі эканамічнага калапсу вайсковыя выдаткі будуць апошнім, што Крэмль захоча скарачаць — падсумоўвае эксперт.
Аляксандар Папко, www.radyjo.net