Карл Більт: лепш за Пуціна мы гэта не зробім
Былы кіраўнік Міністэрства замежных спраў Швецыі Карл Більт смяецца з расійскай палітыкі. Нібыта Захад можа колькі хоча абмяркоўваць, як аслабіць Крэмль, аднак ніхто гэтага не зробіць лепш за прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.
Пра гэта Більд сказаў у Вільні, на форуме інтэлектуалаў.
Свой выступ шведскі палітык пачаў з Украіны і прызыву не забываць, што гэтую краіну па-ранейшаму ірвуць на часткі, што там ідзе кровапраліцце.
"Лёс Украіны вызначыць будучыню Расіі і адаб'ецца на будучыні ўсёй Еўропы", — прагназаваў Більт.
Неўзабаве ён пажартаваў з Пуціна. На думку Більта, прэзідэнт Расіі — самы лепшы архітэктар палітыкі аслаблення Расіі.
"Мы можам абмяркоўваць палітыку аслаблення Расіі, але не думаю, што мы можам зрабіць што-небудзь лепш, чым сам спадар Пуцін", — іранізаваў дыпламат.
Ён падкрэсліў, што Украіна мае патрэбу ў разнастайнай дапамозе, уключаючы фінансавую. Украіна для Еўрасаюза нашмат важней, чым Грэцыя, якая чамусьці патрабуе да сябе шмат увагі, мяркуе палітык: "Калыска дэмакратыі, прыгожая краіна, сонечная. Але Украіна — гэта іншая ступень важнасці", — сказаў Більт.
Паводле ru.delfi.lt