Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты пачынаецца ў Беларусі
Акруговыя выбарчыя камісіі 8-17 кастрычнік правядуць рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання, паведамляе Наша Ніва са спасылкай на БелТА.
Перадвыбарная агітацыя на парламенцкіх выбарах у Беларусі стартуе ў сярэдзіне кастрычніка пасля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. На наступны дзень пасля яе заканчэння акруговыя выбаркамы правядуць паміж кандыдатамі жараб'ёўку для таго, каб вызначыць дату і час іх выступу на дзяржаўных радыё і ТБ.
Выступы кандыдатаў у дэпутаты па радыё і тэлебачанні пройдуць з 21 кастрычніка па 6 лістапада па працоўных днях. Радыёвыступы будуць з 7.00 да 8.00, тэлевізійныя (яны будуць суправаджацца субтытрамі ці перакладам на мову жэстаў) - з 19.00 да 20.00. Эфірны час кандыдатаў, якія будуць балатавацца па Мінску, выдзеляць «Радыё-Мінск», канал «Беларусь 3», па Мінскай вобласці - радыёстанцыя «Мінская хваля», СТВ. Тым, хто будзе вылучацца па іншых абласцях, час дадуць адпаведныя абласныя тэлерадыёкампаніі.
Для тэледэбатаў эфірны час рэзервуецца з разліку не больш за пяць хвілін аднаму кандыдату. Парадак арганізацыі і правядзення дэбатаў, даты іх правядзення і вядучага вызначаюць тэлерадыёкампаніі.
Сваю перадвыбарчую праграму прэтэндэнты на месцы ў парламенце маюць права апублікаваць альбо ў адной з рэспубліканскіх або мясцовых газет. Тэкст кандыдаты павінны прадставіць у СМІ не пазней 27 кастрычніка.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 17 лістапада, у Савет Рэспублікі - на 7 лістапада.