Рух "За Свабоду" прапануе ўраду адмяніць візы для грамадзян ЕС і шэрагу іншых краін
Рух "За Свабоду" прапануе ўраду Беларусі скасаваць візавы рэжым для грамадзянаў дзяржаваў-чальцоў і дзяржаваў-кандытатаў на ўступленне ў ЕС, а таксама Швейцарыі, Нарвегіі, Ісландыі, Ліхтэнштэйну, Японіі і ЗША.
"У нацыянальным інтарэсе Беларусі развіваць больш цесныя міжлюдскія кантакты з развітымі краінамі свету. Пазітыўны досвед увядзення бязвізавага рэжыму падчас чэмпіянату свету па хакеі паказвае, што Беларусь тэхнічна цалкам гатовая на такі крок. Наша краіна мае што паказаць і чым прывабіць добрасумленных наведвальнікаў. Турызм у Беларусь можа стаць адной з ключавых галінаў дзеля стварэння новых працоўных месцаў, эканамічнага росту і прыцягнення інвестыцыяў", — паведамляецца на сайце арганізацыі.
"Увядзенне бязвізавага рэжыму з краінамі ЕС, а таксама неадкладнае ўвядзенне ў дзеянне Дамоваў аб малым памежным руху з Польшчай і Літвой стануць дадатковым аргументам на карысць Беларусі падчас правядзення перамоваў аб спрошчаным візавым, а ў далейшым і бязвізавым рэжыме з краінамі ЕС", — лічаць прадстаўнікі Руху "За Свабоду".