Санкцыі супраць беларускіх уладаў працягнуты яшчэ на год

Прэзідэнт ЗША Барак Абама падоўжыў яшчэ на год санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Пасланне Абамы Кангрэсу ЗША пра тое, што санкцыі падаўжаюцца пасля 16 чэрвеня 2016 года, размешчана на афіцыйным сайце Белага дома.

Фота: Reuters

Фота: Reuters


У дакуменце сказана, што дзеянні пэўных прадстаўнікоў беларускага ўрада «ўяўляюць надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы ЗША».

На думку амерыканскага прэзідэнта, гэтыя людзі таксама «падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў Беларусі». Ва ўказе, дзеянне якога падоўжыў прэзідэнт Абама, улады Беларусі абвінавачваюцца ў «парушэннях правоў чалавека, звязаных з палітычнымі рэпрэсіямі, а таксама ўдзеле ў карупцыі».

Нагадаем, санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу чыноўнікаў і членаў іх сем'яў, былі ўведзеныя 16 чэрвеня 2006 года Джорджам Бушам. Нагодай сталі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, якія ў ЗША і ЕС прызналі недэмакратычнымі.

У той жа час у дачыненні да беларускіх кампаній «Беларуснафта», «Белнафтахім» і яе філіял у ЗША (Belneftekhim USA), «Белшына», «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно», «Лакафарба», ААТ «Нафтан», «Полацк Шкловалакно» працягвае дзейнічаць частковае прыпыненне санкцый. Тэрмін дзеяння гэтага рашэння заканчваецца 31 кастрычніка 2016 года, тады яно можа быць працягнутая або адклікана.