СМІ: новым паслом Расіі ў Беларусі стане Яўген Лук’янаў

Паслом Расіі ў Беларусі ў бліжэйшы час стане Яўген Лук’янаў. Ён павінен змяніць на гэтай пасадзе Дзмітрыя Мезенцава, якому прадказваюць пасаду дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы.

Яўген Лук'янаў. Фота: LETA, Edijs Pālens

Яўген Лук'янаў. Фота: LETA, Edijs Pālens


Пра тое, што цяперашні пасол Расіі ў Латвіі можа пераехаць у Беларусь, паведамляе REFORM.by са спасылкай на расійскае выданне «Коммерсантъ». Расійскай газеце пра гэта паведамілі тры інфармаваныя крыніцы. Кандыдатура 69-гадовага Яўгена Лук’янава нібыта ўжо ўзгодненая, у бліжэйшы час Пуцін падпіша адпаведны ўказ, упэўнены «Коммерсантъ».

Да свайго прызначэння на пасаду пасла ў Латвіі Лук’янаў служыў намеснікам сакратара Рады бяспекі РФ і займаўся міжнароднымі пытаннямі.

Лук’янаў у 1974 годзе скончыў Ленінградскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «Англійская мова і літаратура», працаваў інжынерам-перакладчыкам на абаронным прадпрыемстве НДІ «Імпульс», быў у кіраўніцтве Ленінградскай арганізацыі Саюза журналістаў СССР.

Затым працаваў у МЗС СССР, а з 1990-га па 1991-ы з’яўляўся намеснікам дырэктара Эрмітажа. З 1993 па 2006 год займаў кіруючыя пасады ў «Дрэзднер-банку» і ВТБ. У 2006 годзе вярнуўся на дзяржслужбу ў прадстаўніцтва прэзідэнта РФ у Паўночна-Заходняй федэральнай акрузе, у 2007 годзе стаў намеснікам паўнамоцнага прадстаўніка, а затым сышоў працаваць у Раду бяспекі.

Жанаты. Мае дарослых сына і дачку.

Лук'янаў можа стаць трэцім паслом РФ у Беларусі за тры гады.