Статкевіч затрыманы ў Мінску. На волі ён прабыў тры тыдні
На выхадзе з мінскага офіса прафсаюзу РЭП пасля пасяджэння рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу затрыманы лідэр БНК Мікола Статкевіч.
«Стаялі колькі каля нашай хаты машыны, не глушылі
рухавікі. Сёння за намі на таксоўцы цягнуліся. А як толькі мы выйшлі з офіса
БНК, двух крокаў не паспелі зрабіць ад пад’езду, як бусік падкаціў і схапілі
Міколу», — кажа “Радыё Свабода” жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч.
Статкевіч прабыў на волі тры тыдні: 31 жніўня ён быў вызвалены пасля 5 сутак арышту за парушэнне, якое нібыта ўчыніў яшчэ на акцыі 30 сакавіка (тады каля ізалятара на Акрэсціна прайшла акцыя салідарнасці з вязнямі Дня Волі, пра ўдзел у ёй Мікалая Статкевіча не паведамлялася). Але таксама Статкевічу прысудзілі пакаранне ў 15 сутак за іншае парушэнне — за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 3 ліпеня. Статкевіча вызвалілі пасля 5 сутак, не прымушалі адседзець яшчэ 15.
Статкевіч казаў “Свабодзе”, што гэткая «гульня суткамі» — стрэс не столькі для яго, колькі да ягоных блізкіх. Згадваючы санкцыі супраць яго і ягонай сям’і, ён казаў: «Я думаю, гэта мэтанакіравана мяне і маю сям’ю хочуць выселіць з краіны».
Ён меркаваў, што яго будуць затрымліваць перад «акцыяй папярэджання», але затрымання не адбылося, акцыя прайшла з удзелам Статкевіча.
На Радзе БНК, як пісаў Статкевіч, падвялі вынікі папярэдніх акцыяў пратэсту і пацвердзілі ранейшае рашэнне ладзіць «Марш абураных беларусаў 2.0» 21 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы Мінску.