У Беларусі тры новыя палітвязні
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі абвінавачванных па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса ("Масавыя беспарадкі") актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Войніча, Яўгена Афнагеля і Паўла Юхневіча.
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, адзначаюць беларускія праваабаронцы. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.
Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.
Варта адзначыць, што прадстаўнікі кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Войніч, Яўген Афнагель і Павел Юхневіч з’яўляюцца прынцыповымі і даўнімі праціўнікамі існуючага палітычнага рэжыму ў краіне.
Яўген Афнагель удзельнічаў у стварэнні адной з найбольш актыўных і вядомых моладзевых апазіцыйных арганізацый 90-х “Малады фронт”. Пазней ён, Павел Юхневіч і Андрэй Войніч былі аднымі са стваральнікаў і актыўнымі ўдзельнкамі апазіцыйнага руху “Зубр”. За сваю выключна мірную апазіцыйную, публічную дзейнасць яны неаднаразова падвяргаліся рэпрэсіям з боку дзеючай улады: штрафам, адміністратыўным арыштам, збіццю, запалохванням і ціску.
Пасля падзеяў 2010 г. Яўген Афнагель працяглы час быў вымушаны знаходзіцца ў эміграцыі, але вярнуўся ў выніку ў Беларусь, дзе працягнуў актыўную апазіцыйную палітычную дзейнасць.
Мы ацэньваем пераслед Андрэя Войніча, Яўгена Афнагеля і Паўла Юхневіча, якія былі абвінавачаныя па арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі"), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі з іх публічнай палітычнай дзейнасцю і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў, актывістаў “Еўрапейсай Беларусі” Андрэя Войніча, Яўгена Афнагеля і Паўла Юхневіча і спыніць іх крымінальны пераслед.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РГА "Прававая ініцыятыва”
Беларускі Дакументацыйны цэнтр
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”
Беларускі ПЭН-цэнтр
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
Простае таварыства "Ініцыятыва FORB"