Актывістам «Еўрапейскай Беларусі» прад'явілі абвінавачванне па артыкуле 293 КК

Актывістам "Еўрапейскай Беларусі" Андрэю Войнічу і Яўгену Афнагелю прад'явілі абвінавачванне па ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). 

Максім Вінярскі, Яўген Афнагель, Павел Юхневіч

Максім Вінярскі, Яўген Афнагель, Павел Юхневіч

Павел Юхневіч застаецца пад вартай, верагодна, яму таксама было прад'яўленае абвінавачванне. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал "Еўрапейскай Беларусі". Санкцыя артыкула, які ім інкрымінуецца, прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў. На дадзены момант актывісты зназодзяцца ў СІЗА-1 у Мінску.

Нагадаем, 25 верасня былі жорстка затрыманыя актывісты "Еўрапейскай Беларусі" Ягор Літвінка, Андрэй Войніч, Анастасія Кірык, Павел Юхневіч і Яўген Афнагель. Іх затрымалі ў межах крымінальнай справы па ч 2. арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Тры актывісты — Войніч, Юхневіч, Афнагель — адразу былі змешчаныя ў ІЧУ на Акрэсціна, а праз некалькі дзён — у СІЗА №1 у Мінску, дзе знаходзяцца і да цяперашняга моманту. Анастасію Кірык і Ягора Літвінку адпусцілі па падпісцы аб нявыездзе. 

spring96.org