У Эстоніі будзе працаваць толькі адзін беларускі дыпламат
Міністэрства замежных спраў Эстоніі ўстанаўлівае ліміт складу беларускага прадстаўніцтва ў Таліне, у адпаведнасці з якім у Эстоніі могуць працягваць працаваць адзін беларускі дыпламат і адзін адміністрацыйна-тэхнічны супрацоўнік.
У сераду, 12 кастрычніка, Эстонія выклікала прадстаўніка Беларусі, каб выказаць рэзкае асуджэнне той дапамогі, якую Беларусь аказвае Расіі ў вайне супраць Украіны, паведамляе прэс-служба МЗС Эстоніі. Адначасова яму было заяўлена пра скарачэнне колькасці супрацоўнікаў пасольства Эстоніі ў Мінску — згодна з ім устанаўліваецца ліміт складу беларускага прадстаўніцтва ў Таліне, у адпаведнасці з якім у Эстоніі могуць працягваць працаваць адзін беларускі дыпламат і адзін адміністрацыйна-тэхнічны супрацоўнік, піша ЕRR.
Рашэнне МЗС Эстоніі стала адказам на аналагічную меру беларускага МЗС, які так адрэагаваў на мерапрыемства з удзелам Святланы Ціханоўскай, арганізаванае Эстоніяй у рамках Генасамблеі ААН.
Міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу падкрэсліў, што Эстонія працягне цвёрда падтрымліваць дэмакратычныя намаганні беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, каб парушэнні правоў чалавека і міжнароднага права ў краіне не засталіся незаўважанымі. «Мы бачым, што колькасць палітычных зняволеных працягвае расці, і што рэжым Лукашэнкі працягвае душыць незалежныя медыя. Міжнародная супольнасць павінна і далей выступаць за безумоўнае і неадкладнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі», — адзначыў міністр.
«Мы плануем працягваць рабіць усё, што ад нас залежыць, каб голас апазіцыі і беларусаў, якія цэняць дэмакратыю, дайшоў да грамадскасці», — падкрэсліў Рэйнсалу.
Эстонія хоча ўзмацніць супрацоўніцтва з дэмакратычнай апазіцыяй Беларусі, асноўны цэнтр якой засяроджаны ў Вільні. «Мы плануем накіраваць у Вільню дыпламата з асаблівымі паўнамоцтвамі, які засяродзіцца на зносінах з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, таксама мы ў хуткім часе прымем у Таліне лідара беларускай апазіцыі Святлану Ціханоўскую», — дадаў міністр.
Акрамя таго, ён адзначыў, што ўлады Беларусі датычныя да жорсткай вайны Расіі супраць Украіны, якая доўжыцца больш за паўгода. «Расійскае войска выкарыстоўвае боепрыпасы, запчасткі і тэрыторыю Беларусі для нанясення авіяўдараў па Украіне, што робіць Лукашэнку і кіраўніцтва Беларусі ўдзельнікамі вайны», — дадаў ён.