У Таджыкістане Лукашэнка збіраў вінаград

Пасля наведвання зборачнай вытворчасці трактарнай тэхнікі ў Гісары 29 верасня Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон адправіліся ў вінаградныя гаспадаркі "Багі самон" і "Ватан" у Турсунзадэўскім раёне, паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка, піша БелаПАН.

Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон. Здымак AFP

Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон. Здымак AFP


Кіраўнікі дзяржаў агледзелі сховішча вінаграду, дзе Лукашэнку расказалі пра тое, якія гатункі вырошчваюць у Таджыкістане, іх асаблівасці і смакавыя якасці. Лукашэнка і Рахмон прадэгуставалі вінаград новага ўраджаю, агледзелі выставу прадукцыі, якую з яго вырабляюць.
Кіраўнікоў дзяржаў сустракалі каларытнай культурнай праграмай у выкананні таджыкскіх танцораў, якія ў тым ліку выканалі танец пад песню "Полька беларуская".
Затым Лукашэнка і Рахмон прыехалі на вінаграднікі і разам зрэзалі ў кашы вялікія гронкі паспелага вінаграду, пасля чаго працягнулі сяброўскія зносіны ў нефармальнай абстаноўцы.
Аляксандр Лукашэнка 27 верасня прыбыў з рабочым візітам у Таджыкістан для ўдзелу ў пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, якое адбылося 28 верасня ў Душанбэ.