Указ пра павышэнне пенсійнага ўзросту падпісаны

Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка падпісаў указ нумар 137 "Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

000019_751670_big.jpg


"Дакумент накіраваны, — адзначае дзяржаўнае інфармагенства, — на ўдасканаленне пенсійнага забеспячэння ў сацыяльна-дэмаграфічных умовах, што змяняюцца".


З 1 студзеня 2017 года будзе адбывацца паэтапнае штогадовае павышэнне на 6 месяцаў агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі — 58 гадоў. Адбудзецца таксама аналагічнае павелічэнне (на 3 гады за 6 гадоў) узросту, які дае права на льготныя працоўныя пенсіі і пенсіі за выслугу гадоў; суразмернае агульнаграмадзянскаму паступовае павышэнне гранічнага ўзросту знаходжання на ваеннай службе ваеннаслужачых.


У адпаведнасці з указам рэкамендавана кіраўнікам арганізацый (незалежна ад форм уласнасці) больш шырока прымяняць практыку ўдзелу наймальнікаў і работнікаў у праграмах добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі.


Старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб адзначыў "Еўрарадыё", што, гэтае рашэнне прымалася не для таго, каб павышаліся пенсіі, а каб іх памер хаця б не зніжаўся: “Тое, ці будзе пенсія расці, надалей будзе вызначацца траекторыяй беларускай эканомікі. Калі будзе эканамічны рост, будзе рост заробкаў, будзе рост адлічэнняў на пенсіі. І будзе само яе павелічэнне”.