Уладзімір Пастухоў: Ці сапраўды распад Расіі непазбежны?

Расійскі гісторык, доктар навук Уладзімір Пастухоў разважае ў сваім тэлеграм-канале, ці непазбежна РФ прайграе ў вайне і распадзецца як дзяржава. І што такое наогул — распад Расіі?

_perszy_sneh__zima_2021___minsk___holad___zanjapad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

Уражаная і ўзбударажаная вайной свядомасць (як у тых, хто за, так і ў тых, хто супраць) з'яўляецца натуральнай перашкодай для спакойнага і ўзважанага абмеркавання любой тэмы — яна ўганяе дыскусію адразу ў тупік крайнасцяў.

У гэтай дыскусіі «магчымасць» падзеі неадкладна ператвараецца ў «непазбежнасць», што далей, зусім як у Цютчава ператварае “мысль изреченную в ложь”.

Магчымая перамога Украіны становіцца непазбежнай, тое ж — з паразай Расіі, расколам элітаў і далей па спісе. Апошнім па спісе, але не па значнасці лічыцца тэзіс пра «распад Расіі». З аднаго боку, ён уяўляецца ледзь не як непазбежны, а з другога — як практычна немагчымы. І тое, і іншае мне здаецца моцным перабольшаннем.



1. Распад Расіі – занадта гучнае выказванне, каб ім можна было апераваць у нейкіх іншых мэтах, акрамя публіцыстычных. Гаворка ідзе, вядома, пра «абломванне» імперыі па краях. Калі ўвесці такое абмежаванне, то падобнага роду сцэнар не здаецца такім ужо неверагодным. За апошнія 100 гадоў ён адбываўся двойчы: у 1917–1922 і ў 1989–1991 гадах, прычым з нарастаючай сілай.

2. У гэтым кантэксце ключавым пытаннем для мяне з'яўляецца пытанне аб тым, ці абмяжуецца наступны тэктанічны зрух у падмурку імперыі «абломваннем» нацыянальных ускраін – Паўночны Каўказ, Тыва, Алтай, — гэта значыць таго, што Наталля Зубарэвіч адносіць пераважна да «чацвёртай Расіі», або працэс закране Сібір і Далёкі Усход. У самым цяжкім сцэнары да гэтага спісу дадаецца Паволжжа з Татарстанам і Башкірыяй як драйверамі працэсу.

3. Лёс Сібіры – ключавое пытанне пры абмеркаванні ладу будучай Расіі. Нібыта «заспакаяльнуы» тэзіз аб тым, што ў Сібіры жывуць «рускія людзі» і што «труба ўсіх аб'яднае», мяне супакойвае мала. У амерыканскіх калоніях Брытаніі таксама жылі не толькі індзейцы, што не перашкодзіла ЗША парваць з метраполіяй у працэсе дэкаланізацыі. Што тычыцца «трубы», то, падобна, у святле цяперашніх тэндэнцый яна доўга цяпер будзе цячы ў іншы бок, і транзіт па тэрыторыі еўрапейскай Расіі не будзе настолькі актуальным.


4. З майго пункту гледжання, адрываючы Расію ад Еўропы і намёртва прывязваючы яе да Кітаю, пуцінскі рэжым стварае вельмі глыбокія і магутныя перадумовы для фармавання руху за незалежнасць Сібіры. Тыя, хто назіраюць, як выбудаваныя эканамічныя сувязі жыхароў Сібіры і Далёкага Усходу, разумеюць, што на бытавым узроўні яны ўжо сёння больш прывязаныя да Кітаю і Паўднёвай Карэі, чым да Масквы і Пецярбургу. Сочы — відавочна не прыярытэтны курорт для насельнікаў Хабараўска і Уладзівастока.

5. Дастаткова на самай справе невялікага палітычнага трыгеру, напрыклад, паслаблення цэнтральнай улады і натуральнага прасядання эканомікі пасля сыходу Пуціна, каб Сібір і Далёкі Усход заварушыліся. А так, вядома, ніякага «распаду Расіі» не будзе. Аддзялення Цвярской вобласці ад Смаленскай я не чакаю, тым больш — да сыходу Пуціна. Але ён жа рэальна не можа жыць вечна. Іншая справа, што, чым даўжэй ён пражыве, тым больш верагоднасць таго, што працэс унутранай дэкаланізацыі Расіі не абмяжуецца нацыянальнымі ўскраінамі, а пойдзе метастазамі за «вялікі Камень».